top of page

Тэма: Паняцце культуры маўлення. Прафесійна арыентаванае маўленне

У маўленні чалавек праяўляецца як асоба. Асабліва гэта важна памятаць тым, чый прафесійны род заняткаў цесна звязаны з маўленчай, камунікатыўнай дзейнасцю, – настаўнікам,  юрыстам,  журналістам, палітыкам, дыктарам, выхавальнікам. Для  іх уменне ўступаць у кантакты, дзелавыя зносіны, выступаць публічна ўваходзіць у разрад прафесійна-дзелавых якасцей. Прыгожая, дакладная мова, правільнае вымаўленне, веданне скарбаў мовы – паказчыкі не толькі культуры маўлення, але і агульнай культуры асобы.

Пытанні культуры маўлення ў прафесійнай сферы сталі асабліва актуальныя ў сучасным жыцці чалавека.

Культура маўлення – гэта сукупнасць, сістэма пэўных маўленчых якасцей, якія называюцца камунікатыўнымі якасцямі маўлення, а таксама ўменне эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя маўленчыя якасці ў канкрэтных умовах камунікацыі ў адпаведнасці з нормамі сучаснай літаратурнай мовы.

У шырокім сэнсе культура маўлення ўключае не толькі камунікатыўныя і нарматыўныя, а і этычны і эстэтычны аспекты.

 

Асабліва важна размяжоўваць паняцці  мовы і маўлення. Пад мовай варта разумець з’яву ідэальную, строга лагічную і ўпарадкаваную. У той жа час маўленне – спосаб існавання мовы, яе рэалізацыя, якая праяўляецца ў нашым паўсядзённым жыцці. Нельга сцвярджаць, што маўленне можа быць толькі вусным, бо існуе і пісьмовае маўленне, у залежнасці ад чаго вылучаюць вербальнае (вуснае) і невербальнае (пісьмовае) маўленне.

 

Мова ўзнікла сотні тысяч гадоў таму назад, калі першабытныя людзі аб’ядналіся ў калектывы. Аб’яднанне людзей у калектывы (роды, плямёны) патрабавала дамоўленасці паміж імі, размеркавання абавязкаў, арганізаванасці, інакш кажучы, сумеснай дзейнасці. Менавіта ў працэсе сумеснай дзейнасці людзей сфарміравалася мова як сродак зносін. Праца прымушала інтэнсіўна мысліць, выказваць свае думкі, а сродкам выражэння думак з’яўляецца мова. Таму мова і мысленне сфарміраваліся адначасова, бо без мовы няма мыслення, а без мыслення мовы.

 

Мова – з’ява грамадская. Яна ўзнікла з развіццём грамадства і адыгрывае вялікую ролю ў яго жыцці. Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца думкамі, наладжваюць сувязі паміж народамі, дзяржавамі, развіваюць вытворчасць, тэхніку і навуку, робяць новыя адкрыцці.

 

Мова – сістэма матэрыяльных адзінак (тыповых гукаў, марфемаў, слоў, словазлучэнняў, сказаў) і сістэма правіл іх функцыянавання (граматыка).

 

Мова – агульнанародны набытак, прыдатны для функцыянавання ў любых абставінах і сітуацыях. Аднак у працэсе камунікацыі карыстальнік мовы можа рэалізаваць гэты агульнанародны набытак з пэўнай адметнасцю, выяўляючы свае індывідуальныя рэакцыі на з’явы рэчаіснасці, свае пачуцці і перажыванні.

 

Асноўнай адметнай прыметай маўлення з’яўляецца яго індывідуальны характар. Маўленне заўсёды належыць пэўнай асобе, якая выбірае, аддае перавагу тым ці іншым моўным сродкам, таму яно дапускае вар’іраванне формаў, індывідуальную словатворчасць, у выніку чаго ў маўленні могуць узнікаць адхіленні ад нормы (правілаў ужывання моўных сродкаў), таму паўстае праблема культуры маўлення.

 

Маўленне – гэта спосаб існавання мовы. Праз яго мова выконвае сваё камунікатыўнае прызначэнне: калі мова – сродак зносін, то маўленне – сам працэс зносін, выкарыстанне гэтага сродку.

 

Маўленне праяўляецца ў вуснай або пісьмовай форме.

Вуснае маўленне – гэта гукавая форма маўлення, што ўспрымаецца на слых, пісьмовая – графічная форма, што ўспрымаецца з дапамогай органаў зроку.

 

У маўленні фармулюецца думка (яе змест, сутнасць). Але, фармулюючы думку, мы разам з тым і фарміруем яе (надаем пэўную слоўную форму). Моўнае ж афармленне думкі можа адбывацца на ўнутраным узроўні, г. зн. без выказвання (так званае ўнутранае маўленне), або разгортвацца ў выглядзе маўленчага выказвання (вуснага ці пісьмовага) (так званага знешняга маўлення).

 

Унутранае маўленне прызначана толькі самому сабе. Думаючы “сам сабе”, чалавек афармляе думкі сцісла, вылучае значныя для яго сувязі паміж паняццямі, апускаючы тыя, што яму здаюцца вядомымі ці не такімі значнымі.

 

Знешняе маўленне разлічана на іншую асобу, таму яно патрабуе паўнаты ў афармленні думкі, пабудовы дакладнага, выразнага, з дастаткова разгорнутай думкай тэксту-выказвання.

 

Для абазначэння спецыфічнага віду дзейнасці чалавека, як маўленне выкарыстоўваюцца таксама паняцці маўленчая дзейнасць і маўленчыя паводзіны.

 

Маўленчая дзейнасць – ужыванне маўлення ў працэсе ўзаемаадносін паміж людзьмі (двухбаковы працэс), які спалучае гаварэнне і слыхавое ўспрыняцце яго, разуменне, а пры пісьмовай камунікацыі – пісанне і чытанне.

 

Слуханне – працэс мэтанакіраванага, усвядомленага ўспрымання інфармацыі на слых, у вуснай форме.

 

Чытанне – працэс успрымання інфармацыі з друкаваных ці рукапісных носьбітаў.

 

Гаварэнне – працэс агучвання думак, выяўленне іх у вуснай форме.

 

Пісьмо – гэта перадача інфармацыі на матэрыяльным носьбіце (найперш папера) пры дапамозе графічных знакаў.

1_1.jpg

Маўленчыя паводзіны – уменне карыстацца мовай у рэальнай жыццёвай сітуацыі (сукупнасць маўленчых дзеянняў).

 

Такім чынам, мова, як знакавы механізм, прызначаецца для зносін і рэалізуе свае магчымасці ў працэсе функцыянавання, г. зн. у маўленні (вусным ці пісьмовым).

Пытанні для самакантролю:

  1. Што называецца культурай маўлення?

  2. Чым адрозніваюцца паняцці мова і маўленне?

  3. У якіх формах праяўляецца маўленне?

  4. Для чаго выкарыстоўваюцца паняцці маўленчыя паводзіны і маўленчая дзейнасць?

  5. Назавіце віды маўленчай дзейнасці.

Марфалагічныя нормы ў сістэме назоўніка
Марфалагічныя нормы ў сістэме прыметніка
Марфалагічныя нормы ў сістэме лічэбніка
Марфалагічныя нормы ў сістэме займенніка
Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеяслова
Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыметніка
Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыслоўя і прыслоўя
bottom of page