top of page

Дадатак 3: Марфалагічныя нормы ў сістэме лічэбніка

Важна памятаць, што ў колькасных лічэбніках ад пяці да дваццаці і лічэбніку трыццаць у творным склоне адбываецца падаўжэнне зычных: пяццю, адзінаццаццю, трыццаццю, але: шасцю, сямю, васьмю. Пры скланенні складаных лічэбнікаў (ад пяцідзесяці да васьмідзесяці і ад двухсот да дзевяцісот) змяняюцца дзве часткі: шасцідзесяці, шасцісот, васьмідзесяці, васьмісот; пяццюдзесяццю, сямюдзесяццю; пяццюстамі, сямюстамі. Лічэбнікі сто і сорак маюць дзве формы: назоўны і вінавальны – сто і сорак, а родны, давальны, творны і месны – ста, сарака. Як відаць, лічэбнік сто, з’яўляючыся самастойным словам і структурным кампанентам складанага лічэбніка, змяняецца па-рознаму. Ёсць лічэбнікі, якія зусім не скланяюцца: напрыклад, паўтара (мужчынскі і ніякі род), паўтары (жаночы род), але назоўнікі пры іх змяняюцца ўсё роўна, прычым у назоўным і вінавальным склонах назоўнікі маюць форму роднага склону адзіночнага ліку (паўтара вядра, паўтары тоны), у астатніх ускосных склонах – адпаведнага склону і множнага ліку (к паўтара літрам, к паўтара тонам; паўтара літрамі, паўтары тонамі).

 

Найбольш ужывальнымі з’яўляюцца наступны нейтральныя варыянты недакладнай колькасці:

1) адваротны парадак слоў (чалавек дваццаць, тыдні тры),

2) два лічэбнікі (два-тры гады, пяць-сем дзён),

3) спалучэнне лічэбніка з назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікамі пад, за, з, каля (гадзін пад дзесяць раніцы, вучняў з дваццаць),

4) спалучэнне больш як, больш чым, менш як, менш за і пад. (менш за восем студэнтаў, больш як адзінаццаць дрэў). Размоўнымі лічацца спалучэнні лічэбніка са словамі лішак, гак, хвосцік і прыназоўнік з для перадачы прыблізнага ўзросту (сем гадоў з хвосцікам, восемдзесят гадоў з гакам), спалучэнне лічэбніка з няпэўнымі займеннікамі якіх, нейкіх: нейкіх дзесяць гадоў, якіх пяць гадоў усяго).

Пэўныя цяжкасці выклікае таксама спалучальнасць лічэбнікаў з назоўнікамі. Напрыклад, назоўнікі пры дробавых лічэбніках ужываюцца ў родным склоне: адна трэцяя насельніцтва, дзве пятыя тэрыторыі. Зборныя лічэбнікі патрабуюць ужывання пры сабе толькі пэўных разрадаў назоўнікаў. Яны спалучаюцца:

1) з назвамі асоб мужчынскага полу: шасцёра чалавек, дзевяцера гімназістаў;

2) з назвамі маладых істот: трое кацянят, сямёра дзяцей, двое буслянят;

3) з множналікавымі назоўнікамі, што абазначаюць парныя і састаўныя прадметы: двое саней, пяцёра дзвярэй, чацвёра нажніц;

4) з субстантываванымі прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і асабовымі займеннікамі: трое хворых, двое параненых, сямёра іх;

5) з асабовымі займеннікамі: трое нас, чацвёра іх;

6) са словамі: гусі, людзі, коні, куры, свінні: трое коней, пяцёра гусей.

Да зборных адносяцца лічэбнікі абодва (спалучаюцца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду), абедзве (спалучаюцца з назоўнікамі жаночага роду), абое (пра асоб мужчынскага і жаночага полу): абодва хлопцы; абедзве сяброўкі; абое нічога не зрабілі, каб захаваць шлюб. 

Лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры спалучаюцца з назоўнікамі ў форме назоўнага склону множнага ліку: тры сталы, абодва акцёры. Усе астатнія лічэбнікі, акрамя састаўных, якія заканчваюцца пералічанымі вышэй, парабуюць ад назоўнікаў формы роднага склону множнага ліку: пяць алоўкаў, дзевяць карцін, семдзесят сем гадоў. Адпаведнай будзе форма прыметнікаў, дзеепрыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў прыметнікавага тыпу (мой, наш, гэты), якія дапасуюцца да назоўнікаў: два вясёлыя дні і пяць вясёлых дзён,чатыры цікавыя кнігі і сем цікавыхкніг. 

Для абазначэння адлегласці ў беларускай мове ўжываецца спалучэнне лічэбніка з назоўнікам і прыназоўніка за: за два крокі ад мікрафона, за сто метраў ад дарогі; пры абазначэнні даты выкарыстоўваецца форма роднага склону: сёння сёмага студзеня – Раство.

© 2019 Трыгубовiч В.А., Шэнец В.I. 

Салiгорскi дзяржаўны каледж

bottom of page