top of page

Гласарый

Аксюмаран (аксімаран) (грэч. oxymoron – дасціпна-недарэчнае) – стылістычная фігура, пабудаваная на парадаксальным сумяшчэнні супрацьлегласцяў з мэтай стварэння экспрэсіўнага эфекту: аглушальная цішыня, жывы труп, марудна спяшацца.

 

Алегорыя (грэч. allegoria – іншасказанне) – іншасказанне, увасабленне адцягненага паняцця, думкі з дапамогай канкрэтнага мастацкага вобраза; узнікае на аснове ўжывання слова ці выразу не з прамым, а з пераносным значэннем.

 

Амонімы (грэч. homos – аднолькавы, оnyma –імя) – словы, аднолькавыя па напісанні і вымаўленні, але розныя па значэнні.

 

Анафара (грэч. anaphora – вынясенне, узнятасць) – фігура маўлення, стылістычны прыём, заснаваны на паўторы аднолькавых слоў, выразаў, гукаспалучэнняў у пачатку маўленчай канструкцыі з мэтай узмацнення выразнасці выказвання.

 

Антытэза (грэч. antithesis – супрацьпастаўленне) – стылістычная фігура, заснаваная на кантрастным супастаўленні прадметаў, з'яў, паняццяў, вобразаў.

 

Акцэнталагічныя нормы – вызначаюць правілы пастаноўкі націску ў словах.

 

Арфаграфічныя нормы – вызначаюць правілы агульнапрынятага напісання слоў.

 

Арфаэпічныя нормы – вызначаюць правілы вымаўлення гукаў і спалучэнняў гукаў.

 

Афарызмы (грэч. aphorismos – кароткае выслоўе, выказванне) – кароткія, дасціпныя, звычайна вобразныя выслоўі, якія характарызуюцца закончанай думкай і дасканалай формай.

 

Багацце (разнастайнасць) маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца ўмелым выкарыстаннем у маўленні разнастайных сінанімічных, антанімічных, фразеалагічных і інш. моўных сродкаў, прадугледжвае наяўнасць багатага слоўнікавага запасу.

 

Варыянт – паралельнае існаванне розных формаў і спосабаў выражэння аднаго і таго самага паняцця (моўнай адзінкі).

 

Варыянтнасць – разнастайнасць, разнатыпнасць літаратурных нормаў.

 

Вербальныя сродкі зносін (лац. verbum – дзеяслоў, слова, verbatis – вусны) – слоўныя (моўныя) сродкі зносін.

 

Выразнасць маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца наяўнасцю ў маўленні такіх моўных элементаў, што фарміруюць прадметна-пачуццёвыя ўяўленні аб аб'ектыўнай рэчаіснасці, уздзейнічаюць на эмацыянальны стан чалавека, выклікаюць цікавасць і служаць для прыцягнення ўвагі слухачоў.  

 

Гіпербала (грэч. hyperbole – перабольшанне) – празмернае перабольшванне якасных і колькасных якасцяў і ўласцівасцяў прадмета.

 

Градацыя (лац. gradation – паступовае нарастанне, узвышэнне) – стылістычная фігура, заснаваная на размяшчэнні блізкіх па сэнсе слоў з нарастаннем (або радзей – змяншэннем, спадам) іх эмацыянальна-сэнсавай значнасці; выкарыстоўваецца з мэтай павышэння экспрэсіўнасці, узмацнення сілы выразнасці.

 

Дакладнасць маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца строгай адпаведнасцю значэнняў слоў і іх спалучэнняў зместу і аб'ёму выражаных паняццяў, уменнем дакладна і ясна мысліць.

 

Дарэчнасць маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца адборам моўных сродкаў у адпаведнасці са стылем, часам, месцам, мэтамі і ўмовамі камунікатыўных зносін.

 

Дыялектызмы (дыялектныя словы) (грэч. dialektos –гаворка, дыялект, размова) – словы, спецыфіка якіх абумоўлена тэрыторыяй іх ужывання і якія не ўваходзяць у склад літаратурнай мовы.

 

Жарганізмы (франц. jarqon – умоўная гаворка) – лексіка асобных сацыяльных, узроставых і прафесіянальных груп насельніцтва; жаргонныя словы, якія выкарыстоўваюцца за межамі жаргону.

 

Жэсты (фр. geste) – дынамічныя рухі частак цела чалавека (рук, галавы), якія маюць камунікатыўную скіраванасць і звернутыя да іншай асобы ці асоб.

 

Жэстыкуляцыя (фр. gesticuler, лац. gesticulation) – невербальны, кінетычны від зносін пры дапамозе жэстаў.

 

Запазычанні (іншамоўныя словы) – словы (выразы), якія ўвайшлі ў склад беларускай мовы з іншых моў.

 

Зеўгма (грэч. zeugma – сувязь, злучэнне) – фігура маўлення, заснаваная на аб'яднанні слоў, якія па сваёй семантыцы не спалучаюцца, не сумяшчаюцца, з мэтай стварэння гумарыстычнага эфекту: ішлі два студэнты, адзін – у паліто, другі – ва ўніверсітэт.

 

Змястоўнасць маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца наяўнасцю важнай для камунікатыўнага працэсу думкі, ідэі, а таксама адпаведнасцю маўлення маральным нормам, ісціне.

 

Іронія (грэч. eironeia – прытворства, насмешка) – троп, заснаваны на выкарыстанні слова, выразу з адваротным значэннем з мэтай тонкай ці скрытай насмешкі.

 

Кадыфікацыя (лац. codex – кніга, звод законаў, facere – рабіць) – афіцыйнае прызнанне нормы; сістэматызацыя і замацаванне моўных нормаў у граматыках, слоўніках, даведніках.

 

Кадыфікаваная норма – афіцыйна прынятае правіла, якое забяспечвае адзінства выкарыстання ўзорнага варыянта моўнай адзінкі.

 

Камунікацыя (лац. communicatio – сувязь, зносіны, перадача) – зносіны пры дапамозе моўных сродкаў, перадача якой-небудзь інфармацыі; форма маўленчых кантактаў людзей у працэсе жыццядзейнасці.  

 

Кантамінацыя (лац. contaminatio – змешванне) – аб’яднанне, сумяшчэнне моўных адзінак (іх частак) на аснове структурнай, семантычнай, асацыятыўнай або функцыянальнай блізкасці, што прыводзіць да ўтварэння новай моўнай адзінкі, часам няправільнай: іграць значэнне < іграць ролю + мець значэнне; удзяляць значэнне < надаваць значэнне + удзяляць увагу.

 

Канцылярызмы – словы і выразы, пазычаныя з афіцыйна-справавога (канцылярскага) стылю, справаводства, юрыспрудэнцыі; механічна паўтараючыся, часта парушаюць стылістычныя нормы.

 

Культура маўлення – сукупнасць пэўных маўленчых якасцей, якія называюцца камунікатыўнымі якасцямі маўлення; уменне эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя маўленчыя якасці ў канкрэтных умовах зносін.

 

Красамоўства (прамоўніцкае майстэрства) – па-мастацку апрацаванае вуснае публічнае маўленне, мэта якога – уздзейнічаць на розум і пачуцці слухачоў, пераканаць іх і схіліць да пэўных дзеянняў; аратарскі талент, здольнасць прыгожа і пераканаўча гаварыць.

 

Лагічнасць маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца акрэсленасцю думкі, паслядоўнасцю яе выкладу, доказнасцю аргументаў і фактаў, абгрунтаванасцю і бездакорнасцю вывадаў, адпаведнасцю сэнсавай сувязі паміж словамі законам логікі, мыслення.

 

Лаканічнасць (сцісласць) маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая прадугледжвае адбор найбольш рацыянальных, зручных для камунікацыі моўных сродкаў.

 

Літота (грэч. litotes – прастата),  адваротная гіпербала – мастацкі прыём, заснаваны на непамерным памяншэнні якасцяў, уласцівасцяў прадмета ці з’явы.

 

Літаратурная мова – найвышэйшая форма нацыянальнай мовы, якая характарызуецца унармаванасцю і абавязковасцю для ўсіх членаў соцыуму; мова культуры, літаратуры, адукацыі, афіцыйна-справавоц сферы, сродкаў масавай інфармацыі; аснова культуры маўлення.

 

Лексічныя нормы – рэгламентуюць ужыванне тых ці іншых лексічных сродкаў (дыялектных, прастамоўных, жаргонных і г. д.); прадугледжваюць правільны выбар слова і яго ўжыванне з адпаведным значэннем.

 

Манеры – знешнія формы паводзін прамоўцы ў аўдыторыі.

 

Марфалагічныя нормы – вызначаюць правілы словазмянення (нормы скланення, спражэння і інш.).

 

Маўленне – какрэтнае выкарыстанне сродку зносін (мовы) у працэсе кантактаў; спосаб перадачы думкі пры дапамозе пэўных элементаў мовы; з'ява індывідуальная, суб'ектыўная і непаўторная.

 

Маўленчы акт – мэтаскіраваныя маўленчыя зносіны, якія ўключаюць выказванне і ўспрыманне маўлення, наяўнасць адрасата і пэўнай маўленчай сітуацыі.

 

Маўленчая выразнасць (мастацтва маўлення) – выкарыстанне багаццяў мовы, яе выяўленчых сродкаў, стылістычных магчымасцей, якія надаюць маўленню вобразнасць, эмацыянальнасць, мастацкасць.

 

Маўленчая дзейнасць – спецыфічны від дзейнасці чалавека; выкарыстанне маўлення ў працэсе ўзаемадзеяння паміж людзьмі.

 

Маўленчае (гукавое, фанацыйнае) дыханне – адвольнае, падкантрольнае дыханне, якое адрозніваецца ад фізіялагічнага структурай: кароткі ўдых, затрымка і працяглы выдых, у час якога адбываецца ўтварэнне гукаў; суадносіны працягласці ўдыху і выдыху 1:10, 1:15.

 

Правільнае маўленчае дыханне – дыяфрагмальна-рабрыннае, пры якім запаўненне лёгкіх паветрам забяспечваецца шляхам скарачэння міжрабрынных мышцаў і дыяфрагмы.

 

Маўленчыя паводзіны – сукупнасць маўленчых дзеянняў (учынкаў) чалавека; уменне карыстацца мовай у самых разнастайных жыццёвых сітуацыях.

 

Маўленчая сітуацыя – сітуацыя маўлення (зносін), якая абумоўлівае, аказвае ўплыў на адбор суразмоўцамі моўных сродкаў для перадачы пэўнага зместу.

 

Маўленчыя штампы (іт. stampa – пячатка, друк) – моўныя звароты і выразы, якія шматразова паўтараюцца ў маўленні і становяцца шаблоннымі, трафарэтнымі, "заштампаванымі": падняць пытанне, распачаць мерапрыемства, пачаць работы па азеляненні.

 

Маўленчы этыкет – сукупнасць правіл маўленчых паводзін у стандартных сітуацыях зносін; сістэма ўстойлівых формул і правіл маўленчых паводзін.

 

Метанімія (грэч. metonymia – перайменаванне) – від тропа, заснаваны на пераносе ўласцівасцяў і якасцяў аднаго прадмета на другі на аснове сумежнасці, пэўнай знешняй ці ўнутранай сувязі паміж імі.

 

Метафара (грэч. metaphora – перанясенне) – від тропа, заснаваны на пераносе назвы з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства.

 

Міміка (грэч. mimikos – пераймальны) – сукупнасць цяглічных рухаў твару; дадатковы невербальны сродак, які дапамагае выразіць, падкрэсліць асноўную думку выказвання.

 

Мова – сродак зносін; сістэма знакаў, якія абазначаюць прадметы аб'ектыўнай рэчаіснасці; з'ява сацыяльная, калектыўная, аб'ектыўная і абавязковая для ўсіх.

 

Нарматыўнасць – афіцыйная замацаванасць, традыцыйная агульнапрынятасць літаратурных нормаў.

 

Нормы літаратурнай мовы – агульнапрынятыя, агульнапрызнаныя маўленчай практыкай і заканадаўча замацаваныя, абавязковыя для ўсіх носьбітаў мовы правілы вымаўлення, словаўжывання, словазмянення і напісання слоў, пабудовы словазлучэнняў і сказаў. 

 

Паралелізм (грэч. parallelismos – супадзенне, аднолькавасць) – аднолькавая сінтаксічная пабудова суседніх сказаў або іх частак (урыўкаў тэксту).

 

Паралінгвістыка (грэч. para – каля, побач, lingua – мова) – сукупнасць невербальных сродкаў, скарыстаных у камунікатыўным акце; раздзел мовазнаўства, які даследуе невербальныя (нелінгвістычныя) сродкі ўздзеяння на слухачоў.

 

Параўнанне – від тропа, пабудаваны на супастаўленні двух прадметаў або станаў, што маюць агульную прыкмету.

 

Паронімы (грэч. para – побач, onima – імя) – словы, блізкія па гучанні і напісанні, але розныя па значэнні.

 

Паўтор (рэдуплікацыя) (лац. reduplicatio – падваенне) – паўтор слоў і іх спалучэнняў з мэтай прыцягнуць увагу да пэўных важных момантаў маўлення.

 

Персаніфікацыя (пераўвасабленне) (лац. persona – маска, твар, facere – рабіць) – разнавіднасць метафары, заснаваная на пераносе ўласцівасцей і здольнасцей чалавека на нежывыя, неадушаўлёныя прадметы.

 

Перыфраза (парафраза, перыфраз) (грэч. peri – вакол, phraso – гаварыць) – від тропа, заснаваны на замене назвы прадмета іншай назвай, семантычна непадзельнай, іншасказальнай, апісальнай.

 

Перыяд (грэч. periodos – круг) – сінтаксічная канструкцыя, у якой думка і інтанацыя нарастаюць па ступенях, дасягаюць вяршыні, пасля чаго тэма атрымлівае лагічнае і інтанацыйнае вырашэнне.

 

Плеаназм (грэч. pleonasmos – празмернасць) – маўленчая збыткоўнасць, выкарыстанне выразаў, у якіх ёсць лішнія словы, што не дадаюць нічога новага ў выказванні: вядомая папулярнасць, свабодная вакансія, канчатковы вынік, калега па рабоце.

 

Поза – становішча цела ў прасторы, манера стаяць у аўдыторыі.

 

Полісемія (мнагазначнасць) (грэч. poli – многа, sema – знак) – наяўнасць у слове некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў, якія развіліся з першапачатковага значэння. Не веданне, не уменне размяжоўваць мнагазначнасць слова прыводзіць да двухсэнсавасці.

 

Полісіндэтон (грэч. polysyndeton – шматлікая сувязь) – стылістычная фігура, заснаваная на выкарыстанні вялікай колькасці злучнікаў, якія наўмысна паўтараюцца пры аднародных членах сказа і частках складанага сказа з мэтай лагічнага, інтанацыйнага падкрэслівання, узмацнення эмацыйна-сэнсавай нагрузкі сказанага.

 

Правільнасць маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца адпаведнасцю маўлення нормам літаратурнай мовы.

 

Прастамоўе – словы (выразы), якія характарызуюцца ярка зніжанай стылістычнай афарбоўкай і знаходзяцца на мяжы літаратурнай нормы: манаткі, дылда, зубаскал, абэлтух.

 

Прыказкі, прымаўкі – устойлівыя народныя выказванні, якія ў вобразнай, трапнай форме выражаюць ісціну, правераную вопытам шматлікіх пакаленняў.

 

Публічнае маўленне – вуснае выступленне перад масавай аўдыторыяй. Пунктуацыйныя нормы – вызначаюць правілы пастаноўкі адпаведных знакаў прыпынку.

 

Рытарычнае пытанне (пытальна-рытарычны сказ, эратэма) (грэч. erotema – пытанне) – пытанне, якое не патрабуе адказу, бо сваім зместам сцвярджае пэўную думку, меркаванне, або пытанне, адказ на якое відавочны.

 

Рытарычны вокліч – экспрэсіўна афарбаваная маўленчая канструкцыя, якая характарызуецца эмацыянальнасцю, клічнай інтанацыяй.

 

Рытарычны зваротак (апастрофа) (грэч. apostrophe – уласны зваротак) – стылістычная фігура, заснаваная на такой форме адрасацыі (зваротку, закліку), якая выкарыстоўваецца з мэтай актывізацыі ўвагі слухачоў, надання маўленню дыялагічнасці.

 

Сімплока (грэч. symploke – перапляценне) – стылістычная фігура, якая спалучае анафару і эпіфару ў межах аднаго і таго самага кавалку тэксту; назіраецца паўтор пачатковых і канцавых слоў у складаных сказах, суседніх фразах.

 

Сінекдаха (грэч. synecdoche – суадносіны) – від тропа, заснаваны на пераносе назвы з часткі на цэлае і наадварот, цэлага – на частку, ужыванні адзіночнага ліку замест множнага, множнага замест адзіночнага.

 

Сінонімы (грэч. synonymos – аднайменны) – словы, блізкія або тоесныя па значэнні, але розныя па напісанні, вымаўленні, эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўцы і стылістычным выкарыстанні.

 

Сінтаксічныя нормы – вызначаюць правілы спалучэння слоў у словазлучэннях і сказах.

 

Словаўтваральныя нормы – вызначаюць правілы, законы будовы, утварэння слоў.

 

Словы-паразіты – лішнія словы або словазлучэнні, якія ўводзяцца ў выказванне, але не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі і ў выніку абцяжарваюць выказванне.

 

Стылістычныя нормы – рэгламентуюць выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасці з іх стылістычнай афарбоўкай і мэтай выказвання.

 

Таўталогія (грэч. tauto – тое самае, logos – слова) – паўторнае абазначэнне ўжо названага паняцця іншым, блізкім па сэнсе словам ці выразам: аб’яднаць у адно цэлае, арганізаваць арганізацыю, цалкам запоўніць, прыблізіцца вельмі блізка.

 

Троп (грэч. tropos – паварот, зварот, вобраз) – паэтычны зварот, разнавіднасць выкарыстання слоў і выразаў з пераносным, вобразным значэннем.

 

Тэхніка маўлення – сукупнасць навыкаў, уменняў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца з мэтай дасягнення найлепшага (аптымальнага) гучання маўлення і якія дазваляюць прамоўцу з максімальнай эфектыўнасцю ўздзейнічаць на аўдыторыю.

 

Фігура маўлення (рытарычная фігура, стылістычная фігура) (лац. figura – вобраз, від) – звароты, выслоўі, сінтаксічныя канструкцыі, якія выкарыстоўваюцца для ўзмацнення выразнасці выказвання (антытэза, інверсія, рытарычнае пытанне, рытарычны зваротак, паўтор, паралелізм і інш.).

 

Фразеалагізмы (фраземы, фразеалагічныя адзінкі, фразеаграмы) (грэч. phrasis – выраз, зварот, logos – вучэнне) – устойлівыя, гатовыя моўныя адзінкі, якія характарызуюцца семантычнай непадзельнасцю і яркай вобразнасцю, экспрэсіўнасцю.

 

Фразеалагічныя нормы – рэгламентуюць ужыванне фразеалагізмаў адпаведна іх значэнню, кампанентнаму складу, структурнай арганізацыі і іх стылістычнай афарбоўцы.

 

Цытата (лац. citatum ад citare – абвяшчаць, прыводзіць) – даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту, якая выкарыстоўваецца з мэтай пацвярджэння або тлумачэння асноўнай думкі.

 

Чысціня маўлення – камунікатыўная якасць маўлення, якая вызначаецца адсутнасцю ў маўленні слоў-паразітаў, жарганізмаў, дыялектызмаў, лаянкавых слоў, канцылярызмаў і штампаў і іншых слоў і выразаў, нехарактэрных для літаратурнай мовы.

 

Эліпсіс (грэч. elleipsis – пропуск) – пропуск элемента выказвання (слова ці слоў), які аднаўляецца кантэкстуальна.

 

Эпіфара (грэч. epiphora – паўтор) – фігура маўлення, стылістычны прыём, заснаваны на паўторы аднолькавых слоў, словазлучэнняў, спалучэнняў гукаў у канцы маўленчай канструкцыі з мэтай вылучэння асноўнага сэнсу выказвання.

 

Эпітэт (грэч.epitheton – дабаўлены, дадатковы, прыкладзены) – від тропа, мастацкае азначэнне прадмета.

 

bottom of page