Трэба любiць, ведаць i шанаваць
мову свайго народа i ўмець
дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас
Дадатак 4: Марфалагічныя нормы ў сістэме займенніка
Асабовы займеннік можа выкарыстоўвацца пасля назоўніка для падкрэслівання асобы ці прадмета: цэлая гадзіна – яна мне яшчэ спатрэбіцца; бацька – ён прыгадваецца мне маладым. Відавочна, што сінтаксічная адзінка, пабудаваная такім чынам, мае размоўную афарбоўку, таму ў строга ўнармаваных тэкстах не ўжываецца. У вусным маўленні ўжываюцца сегментаваныя канструкцыі, у якіх частка з займеннікам стаіць перад часткай з назоўнікам: Які ён – дзень заўтрашні?
Займеннік, які суадносіцца з назоўнікам, павінен адпавядаць форме назоўніка, што адсутнічае: На канферэнцыі выступіла шмат прафесуры. Яна разглядала пытанні сучаснага правапісу. Паміж займеннікам і назоўнікам не павінна быць назоўніка ў такой самай форме, а інакш можа ўзнікнуць двухсэнсоўнасць: Сонца ўзышло над полем – і яно [сонца ці поле?] заіграла ранішнімі фарбамі.
Цяжкасці пры выкарыстанні выклікаюць займеннікавыя канструкцыі 1) не хто іншы, як; не што іншае, як і 2) ніхто іншы не; нішто іншае не.
Першыя спалучэнні з займеннікамі хто і што ўжываюцца ў сказах, дзе няма другога адмоўя: Гэта было не што іншае, як просьба дапамагчы (не што іншае, а просьба дапамагчы). Тут слова што можна замяніць на штосьці або ўсё спалучэнне замяніць на часціцу менавіта (Гэта была менавіта просьба дапамагчы). Аналагічна: Прыйшоў не хто іншы, як мой сын (не хто іншы, а мой сын; не хтосьці іншы, а мой сын; Прыйшоў менавіта мой сын).
Другія ж словазлучэнні (ніхто іншы не; нішто іншае не) выкарыстоўваюцца ў адмоўных сказах, дзе пры выказніку ўжо ёсць адмоўе не: Нішто іншае, акрамя гімнастыкі, Надзю не цікавіла. Слова іншае можна апусціць: Нішто, акрамя гімнастыкі, Надзю не цікавіла.
Сугучнымі, але рознымі па значэнні з’яўляюцца азначальныя займеннікі сам і сáмы. Першы з іх паказвае, што дзеянне выконваецца самастойна асобай або прадметам, падкрэслівае значнасць асобы ці прадмета, азначае паважаную, знакамітую асобу (кіраўніка, вядомага акцёра і інш.), ілюструе, што хто-небудзь асабіста выконвае дзеянне або адчувае яго на сабе і да т.п.: Самога яшчэ не сустрэлі; Мы самі вызначым мэту; Сам загадчык бярэ на сябе адказнасць.
Займеннік самы ў спалучэнні з якаснымі прыметнікамі ўтварае форму найвышэйшай ступені параўнання; пры ўжыванні з назоўнікамі ўказвае не гранічную ступень колькасці або якасці; выкарыстоўваецца для ўдакладнення месца і часу (мае значэнне ‘прама, якраз, непасрэдна’), пры асабовых займенніках – значэнне ‘менавіта’, а пры ўказальных (той, гэты) – для ўдакладнення: самы прыгожы дзень; самыя сцюжы пачаліся; самы час у суніцы ісці; гэта тая самая кніга; дом ля самага возера. Займеннік самы ўваходзіць у склад устойлівых выразаў з рознай стылістычнай афарбоўкай: на самай справе (сапраўды; нейтр.), самы раз, у самы раз (у патрэбны момант, разм.), самы той! (не на таго напалі, іран.). Нагадаем, што націск у гэтых займенніках пры іх формазмянненні фіксаваны: ва ўскосных склонах у займенніку сам (само, сама, самі) націск падае на канчатак, а ў займенніку самы (самае, самая, самыя) – на аснову.
У займенніку сам націск падае менавіта на першы галосны канчатка, а не на апошні; гутарковыя формы самаго, самаму – адхіленні ад нормаў, іх трэба пазбягаць.
У адмоўных займенніках ніхто, нішто пры скланенні націск прыпадае на першы галосны канчатка: нікога, нічога; нікому, нічому (параўнайце з адпаведнымі адноснымі займеннікамі, ад якіх яны ўтварыліся: каго, чаго, каму, чаму).
Па адным тыпе скланяюцца займеннікі ты і сябе.
Займеннікі прыметнікавага тыпу ў форме жаночага роду мая, свая, твая, наша, ваша, гэтая, тая, такая, сама, самая, кожная, ніякая ў родным склоне маюць варыянтныя канчаткі: больш ужывальныя няпоўныя канчаткі -ой/-ай/-ёй, аднак у мастацкім і публіцыстычным стылях усё часцей выкарыстоўваецца поўны канчатак -ае: такое бяды, ніякае радасці. У творным склоне названым займеннікам таксама ўласцівы варыянты канчаткаў: -ой і -ою, -ёй і -ёю, -ай і –аю (такой і такою, тваёй і тваёю, самай і самаю) апошнія запатрабаваны мастацкім стылем (найперш паэзіяй). У вінавальным склоне ёсць стылістычна нейтральныя варыянты ў наступных займеннікаў: нашу – нашую, вашу – вашую, гэту – гэтую, саму – самую.