Трэба любiць, ведаць i шанаваць
мову свайго народа i ўмець
дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас
Дадатак 5: Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеяслова
Зваротных дзеясловах замест постфікса -ся часам памылкова выкарыстоўваецца -сь, што з’яўляецца парушэннем літаратурнай нормы: правільна вучыся, купаліся, напрацаваліся.
Умоўны лад, як вядома, выражаецца дзеясловам у форме прошлага часу і часціцай бы (б), пры гэтым дзеяслоў, які заканчваецца на зычны, патрабуе часціцы бы, на галосны – б: сказаў бы, прынеслі б, намалявала б.
Асаблівай увагі патрабуе складаная форма прошлага часу, паколькі яна мае структурныя адрозненні ў параўнанні з адпаведнай формай рускай мовы. У беларускай мове яна ўтвараецца шляхам спалучэння дзеяслова ў прошлым часе і дапаможнага дзеяслова , які мае тыя самыя формы роду і ліку, што і асноўны дзеяслоў: падышоў быў, падышла была, падышлі былі, падышло было, але па-руску інакш: подошел (подошла, подошло, подошли) было.
Катэгорыя спражэння не выклікае асаблівых цяжкасцяў пры засваенні, аднак рознаспрагальныя дзеясловы маюць спецыфічныя парадыгмы. Думаецца, іх тэба паўтарыць: есці – ем; ясі; есць; ядзім, ямо; ясце; ядуць; даць – дам; дасі; дасць; дадзім, дамо; дасце; дадуць; бегчы – бягу; бяжыш; бяжыць; бяжым; бежыце; бягуць.
Самай распаўсюджанай памылкай, выкліканай уплывам рускай мовы, з’яўляецца ўжыванне дзеясловаў у 2-й асобе множным ліку абвесным ладзе з націскам на першым складзе канчатка (гэта памылка!). Трэба цвёрда засвоіць правіла: угэтай форме націск падае на аснову або на другі склад канчатка, на склад -це: гуля-еце, знойдз-еце, забіра-еце;нес-яце, прыжывяце-ся, падрасц-яце, абатр-аце, сме-яце-ся.
Неабходна адрозніваць таксама канчаткі дзеясловаў у абвесным і загадным ладах. У загадным ладзе ў 1й асобемножным ліку дзеясловы могуць мець спецыфічныя для беларускай мовы канчаткі -ем, -эм (пад націскам), -ма (не пад націскам): нясем, кладзем, бярэм; складваймася, працуйма, канчайма, шукáйма, не забывáймася. У абвесным ладзе ў 1-й асобе множным ліку гэтыя дзеясловы маюць канчаткі: нясём, кладзём, вяжам,стрыжомся; складваемся, канчаем. Як бачна, у загадным ладзе канчаткі –ем і –эм націскныя, а ў абвесным ладзе канчатак – ем ненаціскны.
У 2-й асобе множным ліку ў загадным ладзе націск можа падаць на канчатак -ы/-і перад постфіксам -це: нясі'це, кладзі'це, пішы'це.
Формы ладу таксама могуць набываць экспрэсіўнасць пры іх ўзаемазамяняльнасці: так, дзеясловы ўмоўнага ладу могуць ужывацца са значэннем загаднага, што надае выказванню разнастайныя адценні: просьбу, параду, запрашэнне выканаць дзеянне (магчыма, з афарбоўкай нерашучасці, далікатнасці ці папроку): прачытаў бы ты кнігу, прыбрала б ты ў пакоі, прылеглі Вы б адпачыць. Загадны лад можа мець значэнне ўмоўнага, што забяспечвае непасрэднасць выкладу думкі: дапамажы мы ім – яны ўсё паспелі б выканаць. У дзеясловах маўлення, успрыняцця, думкі можа аслабляцца ці ўвогуле сцірацца інтанацыя загаду і само лексічнае значэнне: глядзі ты, які разумны!; скажыце, які добранькі!
Форма другой асобы адзіночнага або множнага ліку можа мець абагульнена-асабовае значэнне, якое яна рэалізуе ў прыказках: сей у пару – збярэш хлеба гару; сон на заўтра адкладзі, а справу сёння давядзі; Божа памажы, але і сам падбяжы.