top of page

Дадатак 1: Марфалагічныя нормы ў сістэме назоўніка

Пэўныя цяжкасці выклікае катэгорыя роду назоўнікаў, што звязана з наяўнасцю варыянтаў родавых формаў. У сучаснай беларускай літаратурнай мове варыянтных родавых пар нямнога (вучоныя адзначаюць іх каля ста). Як нарматыўныя слоўнікамі дазваляюцца варыянтныя родавыя формы прастор – прастора, гармонік – гармонь, бярлога – бярлог, зала – зал, замша – замш, клавіша – клавіш, мангуста – мангуст, перыфраза – перыфраз, прычасце – прычасць, прышчэпа – прышчэп, салата – салат, таполя – топаль, шчáўе – шчáвель, каромысел – каромысла.

Пры вызначэнні роду нязменных запазычаных назоўнікаў улічваецца іх семантыка. Назоўнікі мужчынскага роду – назвы асоб мужчынскага полу, жывых істот (аташэ, канферансье, маэстра, янкі; фламінга, зебу, гну, какаду, шымпанзэ); назоўнікі жаночага роду – назвы асоб жаночага полу (фрау, міс, місіс, пані); назоўнікі ніякага роду – агульныя назвы неадушаўлёных прадметаў (кашнэ, паліто, жэле, жалюзі, журы). Рэдкія лексемы захоўваюць род, які маюць назоўнікі – родавыя найменні (цэцэ – муха (жаночы род), івасі – рыба (жаночы род).

Род уласных нязменных назваў вызначаецца па агульным назоўніку: Дэлі (м. р.) – горад, Янцзы (ж. р.) – рака, Конга (ж. р.) – рака, дзяржава, Антарыё (н. р. або ж. р.) – возера і правінцыя.

Род суб’ектыўна-ацэначных формаў назоўнікаў супадае з родам пачатковай формы: ручышча (ж. р.) – рука, галавішча (ж. р.) – галава, дамішча (м. р.), насішча (м. р.), нажышча (ж. р., калі ад нага і м. р., калі ад нож).

Асноўнай прычынай адхіленняў ва ўжыванні родавых формаў з’яўляецца ўплыў рускай мовы, у якой такія назоўнікі адносяцца да іншага роду.

У беларускай мове мужчынскага роду наступныя назоўнікі: гваздзік, боль, валяр’ян, дроб, жывапіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, жывапіс, роспіс, летапіс, запіс, подпіс, поступ, сабака, стэп, туфель, цень, шаль, шынель. У рускай мове ўсе яны жаночага роду.

У беларускай мове мужчынскага роду яблык, капыт, у рускай мове яны ніякага роду: яблоко, копыто.

У беларускай мове жаночага роду бронха, гусь, кафля, табака, у рускай мове яны мужчынскага роду: бронх, гусь, кафель, табак.

У беларускай мове ніякага роду назоўнік брыво, у рускай мове ён жаночага роду – бровь.

Да назоўнікаў ніякага роду адносяцца таксама назвы маладых істот – бусляня, ягня, кацяня, шчаня, дзіця, у рускай мове яны мужчынскага роду: аистенок, ягненок, котенок, щенок, ребёнок.

Род нязменных складанаскарочаных назоўнікаў, у тым ліку абрэвіятур, трэба вызначаць па апорным слове адпаведнага словазлучэння: ДАІ (ж. р.) – дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя; ААН (ж. р.) – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый; СПБ (м. р.) – Саюз пісьменнікаў Беларусі. У зменных аналагічных назоўніках род вызначаецца па канчатках: ЦУМ (м. р.) – ЦУМам, у ЦУМе, ЦУМу; ЛіМ (м. р.) – ЛіМа, ЛіМам, у ЛіМе.

У беларускай мове часам не супадае род зменных уласных і адпаведных ім агульных назоўнікаў, якія адлюстроўваюць рода-відавую суаднесенасць назваў: горад (м. р.) Гродна (н. р.), рака (ж. р.) Нёман (м. р.), часопіс (м. р.) “Полымя” (н. р.), возера (н. р.) Нарач (ж. р.). Такія ўласныя назоўнікі скланяюцца ці не скланяюцца ў залежнасці ад наяўнасці / адсутнасці родавай назвы: на рацэ Нёман, на Нёмане; у возеры Нарач, у Нарачы.

Пэўныя цяжкасці выклікае катэгорыя ліку назоўнікаў. Гэта звязана найперш тым, што ў беларускай і рускай мовах лік назоўнікаў тоеснай марфемнай будовы часам не супадае: бел. клопат (адз. л.) – рус. хлопоты (мн. л.); бел. чарніла (н. р., толькі адз. л.) – рус. чернила (толькі мн. л.); бел. дзверы, грудзі (мн. л.) – рус. дверь, грудь (адз. л. і мн. л); бел. каноплі, крупы (толькі мн. л.) – рус. конопля, крупá (толькі адз. л.); бел. суніцы, брусніцы, маліны, ажыны, клубніцы, галубіцы, чарніцы (найчасцей у мн. л.) – рус. земляника, брусника, малина, ежевика, клубника, голубка, черника (адз. л.).

У выніку дзеяння ўнутрымоўнай аналогіі часам ужываюцца няправільныя формы множнага ліку назоўнікаў пяро, промень / прамень, бервяно, камень, колас, корань, палена, крыло, ліст. Правільныя формы множнага ліку ад пералічаных і падобных назоўнікаў наступныя: пёры, промні / прамені, бярвёны, камяні, каласы, карані, палены, крылы, лісты. Памылковыя формы: пер’і, праменні, бярвенні, каменні, калоссі, карэнні, паленні, крыллі, лісці. Ад тых жа самых назоўнікаў утвараюцца і адзіночналікавыя формы зборных назоўнікаў: пер’е, праменне, бярвенне, каменне, калоссе, карэнне, паленне, крылле, лісце (зборныя назоўнікі не маюць формаў множнага ліку!).

Рэчыўныя і абстрактныя назоўнікі, якія ў літаратурнай мове маюць форму адзіночнага ліку, у навуковым і мастацкім маўленні могуць ужывацца ў форме множнага ліку з пэўнай мэтай: блакітныя гліны, сыпучыя пяскі, лячэбныя гразі, дасканалыя густы, маладыя таленты, шумы ў сэрцы.

Пры скланенні назоўнікаў першага скланення важна памятаць, што ў давальным і месным склонах канчаткі супадаюць: канчатак –і маюць назоўнікі з мяккай асновай (зямлі, хвалі, песні); канчатак –е – назоўнікі з асновай на г, х, якія чаргуюцца з з, с (страха – страсе, нага – назе, крыга – крызе); -ы – назоўнікі з асновай на зацвярдзелы і на к, які чаргуецца з ц (гутарка – гутарцы, мяжа – мяжы, сцежка – сцежцы, сястра – сястры), але пад націскам –э (шчака – шчацэ, рука – руцэ, рака – рацэ).

Назоўнікі другога скланення мужчынскага роду у родным склоне маюць у залежнасці ад семантыкі канчаткі -а/-я або -у/-ю. Канчатак -а/-я маюць назоўнікі, што называюць канкрэтныя прадметы (стала, алоўка, медаля); асоб і жывых істот (салаўя, сябра, чалавека); установы, арганізацыі, прадпрыемствы (універсітэта, ліцэя, саюза, прафкама); геаграфічныя назвы, населеныя пункты, астранамічныя паняцці (Мінска, пасёлка, Месяца, Сожа); навуковыя тэрміны, адзінкі вымярэння даўжыні, вагі і інш. (кораня, суфікса, метра, літра, сюжэта, рубля); танцы, гульні, іх часткі (тэніса, турніра, вальса, тура, балета, але: спорту); прамежкі часу (года, тыдня, жніўня, сезона, але: веку, абеду, ранку); органы, часткі цела чалавека і жывых істот (носа, рота, языка, але: твару).

Канчатак -у/-ю маюць назоўнікі, што называюць зборныя прадметы, у тым ліку расліны – травы і кустовыя (калектыву, бярэзніку, бэзу, чабору, верасу); рэчывы, хімічныя злучэнні (алею, соку, рысу, шоўку, але: хлеба, аўса, жаўтка); абстрактныя паняцці, апрадмечаныя якасці, дзеянні, стан (таленту, смеху, блакіту, даходу, разліку); прасторавыя паняцці (лугу, краю, шляху, лесу); з’явы прыроды і стыхійныя бедствы (марозу, граду, ветру, грому, галалёду, урагану); грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі, падзеі (рамантызму, гуманізму, дарвінізму, фэсту, фестывалю); захворванні (грыпу, апендыцыту, інфаркту); стравы (гуляшу, супу).

Мнагазначныя назоўнікі могуць мець абодва канчаткі: -а/-я і -у/-ю ў залежнасці ад кантэксту: час лістападу – сёмага лістапада; беларускага народа – (’нацыя, насельніцтва краіны’); на плошчы сабралася шмат народу (’сукупнасць людзей увогуле’); слухалі маладога талента (’чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі’) – яму не хапае таленту (’надзвычайныя прыродныя здольнасці’); каля пятага пад’езда – не было пад’езду да вёскі; сустрэліся каля клёна, ясеня, дуба, граба – мэбля з клёну, ясеню, дубу, грабу.

Канчатак –у выкарыстоўваецца таксама пры назоўніках ва ўстойлівых выразах з году ў год, з веку ў век, ні следу ні знаку, даць маху, з’ехаць з глузду, ні роду ні племені.​

© 2019 Трыгубовiч В.А., Шэнец В.I. 

Салiгорскi дзяржаўны каледж

bottom of page