Трэба любiць, ведаць i шанаваць
мову свайго народа i ўмець
дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас
Дадатак 2: Марфалагічныя нормы ў сістэме прыметніка
Цяжкасці ўзнікаюць пры ўтварэнні і выкарыстанні ступеняў параўнання. Складаныя формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання ўтвараюцца практычна ад усіх якасных прыметнікаў: больш цёплы, менш моцны, найбольш чысты, самы прыгожы і г.д. Ненарматыўнымі лічацца формы тыпу больш дабрэйшы, самы цяплейшы.
Не ўтвараюць ступеняў параўнання прыметнікі, што абазначаюць стан (нямы, жывы, мёртвы, жанаты, халасты), масці жывёл (гняды, вараны, русы, пярэсты, рыжы), колькасна нязменную знешнюю фізічную прымету (босы, голы, вусаты, рагаты, барадаты, кульгавы), а таксама складаныя прыметнікі (светлавалосы, цёмна-сіні, белабароды, чарнавокі) і прыметнікі, што называюць колер праз адносіны да іншых прадметаў (салатавы, фіялетавы, вішнёвы, ружовы, карычневы, бэзавы). Простую форму не ўтвараюць прыметнікі, што перайшлі з адносных у разрад якасных і маюць у структуры суфіксы -ав-/-яв- (перадавы, бялявы), -іст- (галасісты, агністы), -к- (коўкі, ліпкі), -ат- (шурпаты), -аўн- (сакаўны), -ічн- (гераічны), -ніч- (маляўнічы), -юч- (балючы), -эзн- (даўжэзны), -еньк- (дробненькі) і інш. Складаныя формы больш ужывальныя: яны ўласцівы пісьмовай мове, аднак не кантрастуюць з нейтральным маўленчым фонам.
Прыметнікі ў форме вышэйшай ступені параўнання ўводзяцца ў тэкст з дапамогай прыназоўніка за і назоўніка ў вінавальным склоне (ліпень цяплейшы за верасень, журавіны кіслейшыя за брусніцы) або параўнальных зваротаў са злучнікамі як, чым і назоўнікам у назоўным склоне (Антось больш моцны, чым брат; няма цікавейшых кáзак, як нашы). Недапушчальнай лічыцца структура канструкцый тыпу ліпень цяплей за верасень, Андрэй за ўсіх мудрэй (хоць у фальклоры, паэзіі, гутарковым стылі такія адзінкі ўжываюцца, што можа быць звязана з захаваннем рытму і рыфмы ў тым ліку), бо суфікс -эй/-ей характэрны для прыслоўяў.
Парушэннем нормы з’яўляюцца таксама выразы са значэннем гранічнай ступені якасці тыпу цікавейшая пастаноўка, прыгажэйшыя азёры, якія ўжываюцца пад уплывам рускай мовы. Нельга забываць, што пры вышэйшай ступені параўнання могуць ужывацца часціцы яшчэ, куды, якія надаюць не толькі ўзмацняльнае значэнне (яшчэ цікавейшыя, куды хутчэйшыя), але і размоўнае адценне ўсяму выказванню. Значэнне найвышэйшай ступені параўнання можа перадавацца таксама з дапамогай слоў вельмі, надта, надзвычай, выключна (вельмі спагадлівы, надта спакойны, надзвычай моцны, выключна смелы). Выкарыстанне розных спосабаў для ўтварэння ступеняў параўнання ўзбагачае маўленне.
У беларускай мове, у адрозненне ад рускай, вельмі абмежаванае выкарыстанне кароткіх формаў якасных прыметнікаў. Толькі наступныя адзінкі без стылістычных абмежаванняў рэгулярна ўжываюцца ў кароткай форме: гатоў, рад, повен, павінен, відзён, чуцён. Астатнія кароткія прыметнікі тыпу сыт, цёмен, дораг, свецел, багат, дуж, весел, хмур ужываюцца ў фальклоры, у паэзіі высокага стылю. Памылкай з’яўляюцца скалькаваныя з рускай мовы кароткія формы тыпу працавіт, актывен, уважліў, маральна ўстойліў, фізічна выносліў і інш. Кароткія формы якасных прыметнікаў не скланяюцца, але змяняюцца па родах і ліках (ён рад, яна рада, яно рада, яны рады); ужываюцца яны, як правіла, у мастацкім і размоўным стылях.
Для прыналежных прыметнікаў кароткая форма з’яўляецца літаратурнай нормай: матчыны песні, бацькаў камп’ютар, вавёрчына дупло і г.д. Пры гэтым прыметнікі скланяюцца і набываюць поўныя формы, а пры неадушаўлёных назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў вінавальным склоне форма застаецца кароткай (параўнайце: каго? што? бацькавага сябра, бацькаў стол; матчыну песню, матчыну сяброўку; даччыно паліто, даччынога мужа). У прыметніках, утвораных ад назваў асоб ці жывых істот мужчынскага роду, пішуцца суфіксы еў-/-ев-, -оў-/-ов-, -аў-/-ав-, -ёў-/-ёв-, а ў прыметніках, утвораных ад назваў асоб ці жывых істот жаночага роду, выкарыстоўваецца суфікс -ін-/-ын-: Сцёпкава сачыненне, Аленчына кніга, Мурчыны кацяняты, буслава гняздо; утварэнні тыпу Віціны цацкі - грубае парушэнне нормы.
Скланенне прыметнікаў, як правіла, не выклікае цяжкасцяў, патрабуюць каментарыяў толькі канчаткі ў жаночым родзе і родным і творным склонах. Скарочаныя канчаткі -ой, -ай, -яй (малая радзіма) могуць выкарыстоўвацца ў прыметніках ва ўсіх стылях, а поўныя канчаткі -ое, -ае, -яе ў родным склоне (малое радзімы) і -ою, -аю, -яю ў творным склоне (малою радзімаю) ўласцівыя мастацкаму і гутарковаму стылям.
Далучаючыся да асновы якасных прыметнікаў, яны адлюстроўваюць розную ступень праяўлення якасці: беленькі – вельмі белы; шырачэзны – надзвычай шырокі; цемнаваты – не зусім цёмны.