Трэба любiць, ведаць i шанаваць
мову свайго народа i ўмець
дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас
Дадатак 6: Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыметніка
Самымі ўжывальнымі ў беларускай літаратурнай мове з’яўляюцца дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н, -ан-, -ен-, -т-: выцвілы, пахарашэлы, зачараваны, устрывожаны, знесены, змолаты. Выкарыстанне іншых формаў абмежаванае па розных прычынах. Так, дзеепрыметнікі прошлага часу незалежнага стану з суфіксамі -ўш-, -ш- у форме мужчынскага роду аманімічныя з дзеепрыслоўямі: прачытаўшы, пацярпеўшы, збегшы і г.д. Многія лінгвісты акцэнтуюць увагу на немілагучнасці гэтых формаў, што з’яўляецца правамерным.
Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч-/-юч-, -ач-/-яч, -ем-/-ом-/, -ім- уласцівы публіцыстычнаму і навуковаму стылям, дзе могуць уваходзіць у склад тэрмінаў або іншых устойлівых выразаў кніжнага характару: шыпячы гук, вісячы замок, нераскладаемыя элементы, рухаючыя сілы, кіруючая роля, чытаемая літаратура. Каб пазбегнуць непажаданых формаў, асабліва падчас перакладу з рускай мовы, трэба памятаць, што ў беларускай мове існуе шмат сродкаў замены такіх адзінак:
1) ужывальныя формы дзеепрыметнікаў: рус. покрывшийся инеем – бел. пакрыты інеем, выгоревший луг – выгаралы луг. Дзеепрыметнікі з суфіксам -л- усведамляюцца як асноўныя.
2) прыметнікі: рус. приносящий прибыль – бел. прыбытковы, дрожащая трясина – дрыготкая багна; сыпучее вещество – рэчыава;
3) даданыя сказы: рус. растущий у дома – бел. які расце ля дома;
4) дзеясловы: рус. светящиеся окна – бел. свецяцца вокны, я непьющий – я не п’ю;
5) назоўнікі: рус. комплектующий отдел – бел. аддзел камплектавання, купающийся – купальшчык;
6) дзеепрыслоўі і дзеепрыслоўныя словазлучэнні: рус. рядом шел возвращающийся из города сосед – бел. побач ішоў, вяртаючыся з горада, сусед;
7) прыдаткі: рус. вещества, стимулирующие рост – бел. рэчывы-стымулятары росту;
8) спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі: рус. умоляющим голосом – бел. з мальбой у голасе;
9) паўтор слоў: рус. возрастающий грохот – бел. усё большы і большы грукат і інш.