Трэба любiць, ведаць i шанаваць
мову свайго народа i ўмець
дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас
Дадатак 7: Марфалагічныя нормы ў сістэме дзеепрыслоўя і прыслоўя.
Дзеепрыслоўе, як і дзеепрыметнік, дапаўняе дзеяслоў сэнсава. Утваральнік асноўнага і дадатковага дзеянняў павінен быць адзін: прачытаўшы кнігу, я абавязкова падзялюся ўражаннямі. У безасабовых сказах няма і не можа быць утваральніка дзеяння, пагэтаму сказ тыпу Хораша дыхаецца, гуляючы па летнім лесе пасля дажджу будзе пабудаваны няправільна. Месца дзеепрыслоўяў незакончанага і закончанага трыванняў у сказе заўсёды абумоўлена паслядоўнасцю дзеянняў – асноўнага і дадатковага: прыехаўшы ў вёску на канікулы, я абавязкова сустрэнуся з аднакласнікамі. У абагульнена-асабовых сказах асноўнае і дадатковае дзеянні таксама выконваюцца адной асобай, але яна ўяўляецца абагуленай і абазначае любога, кожнага: упрошваючы не намілуешся; узяўшыся за гуж, не кажы, што не дуж; згубіўшы, не тужы, знайшоўшы, нікому не кажы.
Прыслоўю ў культурамоўным аспекце надаецца мала ўвагі, хоць рэдка які тэкст абыходзіцца без характарыстыкі акалічнасцяў дзеяння. Акалічнасныя прыслоўі стылістычна нейтральныя, яны заключаюць інфармацыю пра месца, час, прычыну, мэту дзеяння; якасныя прыслоўі не толькі перадаюць інфармацыю, але і ўтрымліваюць яе ацэнку. У сувязі з гэтым прыслоўі запатрабаваны ўсімі стылямі: Вядома больш за 20 відаў пшаніцы. Аднак найбольш шырока вырошчваецца толькі два віды – мяккая і цвёрдая; Пры пад’ёме ўверх кінутага мяча сіла цяжару запавольвае яго рух. У мастацкім стылі прыслоўі ўжываюцца і з пераносна-вобразным значэннем: Сосны гамоняць. Нібы расказваюць чароўныя казкі маленства – адну за адной, нястомна і радасна, ціха і мудра, як гэта можа добрая, пагодлівая старасць (Я. Брыль).
Прыслоўі, утвораныя ад якасных прыметнікаў, маюць ступені параўнання. Складаная форма вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання ўтвараецца, як правіла, шляхам далучэння слоў найбольш (найменш) і адпаведна больш (болей), менш (меней) да якасных прыслоўяў, таму ўтварэнні тыпу найбольш гучней, менш цікавей будуць парушэннем нормы.
Трэба памятаць, што прыслоўе, як і прыметнік, таксама мае элятыў – форму вышэйшай ступені параўнання, якая страчвае супастаўляльнае значэнне: раней, далей, даўней. Як відаць, першыя два словы міжстылёвыя, апошняе мае размоўную афарбоўку.
Якасныя прыслоўі маюць формы ацэнкі і меры якасці (ціхутка, добранька, памалюсеньку, страшэнна, высачэзна, ранічкай, далекавата); праз сваю экспрэсіўнасць, размоўную афарбоўку яны найбольш запатрабаваны мастацкім і гутарковым стылямі.