top of page

Тэма: Тэхніка і выразнасць вуснага маўлення

Тэхніка маўлення – сукупнасць навыкаў, уменняў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца з мэтай дасягнення найлепшага (аптымальнага) гучання маўлення і дазваляюць прамоўцу з максімальнай эфектыўнасцю ўздзейнічаць на слухача.

 

Тэхніка маўлення з’яўляецца важнай складовай часткай прафесійна арыентаванага маўлення.

 

Тэхніка маўлення ўключае:

  • правільнае маўленчае (фанацыйнае) дыханне;

  • пастаўлены голас;

  • добрую дыкцыю, інтанацыю;

  • выразнае вымаўленне (артыкуляцыю).

 

Маўленчае (фанацыйнае) дыханне адрозніваецца ад фізіялагичнага кароткім энергічным удыхам і працяглым раўнамерным выдыхам, падчас якога адбываецца ўтварэнне гукаў.

 

Для маўлення не хапае звычайнага фізіялагічнага дыхання. Вуснае маўленне патрабуе большай колькасці паветра, эканомнага яго расходавання і своечасовага аднаўлення. Правільнае дыханне павінна быць глыбокім, частым, падкантрольным.

 

Голас характарызуецца гучнасцю (сілай), вышынёй, тэмбрам, дыяпазонам.

 

Распаўсюджаныя недахопы голасу:

  • афанія – невыразнасць, цьмянасць гучання голасу;

  • дысфанія – адсутнасць устойлівага, роўнага гучання, калі голас зрываецца, дрыжыць;

  • фонастэнія – хуткая стамляльнасць голасу;

  • псеўдафонастэнія – перарывістаць голасу, выкліканая празмернай эмацыянальнасцю.

 

Да прафесійных якасцей прамоўніцкага голасу адносяцца: мілагучнасць, звонкасць, гнуткасць, палётнасць, устойлівасць, вынослівасць, сугестыўнасць (магчымасць з дапамогай голасу перадаваць свае эмоцыі і ўплываць на слухачоў).

 

Дыкцыя – выразнае, яснае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў падчас маўлення. Дыкцыя залежыць ад зладжанай, правільнай работы ўсяго маўленчага апарату (губы, язык, сківіцы, зубы, цвёрдае і мяккае паднябенні, насаглотка, галасавыя звязкі). Найбольш частыя недахопы дыкцыі – картавасць, шапялявасць, гугнявасць, вяласць або няяснасць маўлення, “хуткая гаворка”, гучанне “праз зубы”, з’яданне гукаў на канцы або ўнутры слова і інш. Удасканаленне дыкцыі звязана найперш з выпрацоўкай правільнай артыкуляцыі – рухаў органаў маўлення чалавека.

 

Выразнасць вуснага маўлення – якасць, якая дазваляе з дапамогай разнастайных галасавых сродкаў надаць выказванню дадатковую сэнсавую і эмацыянальную афарбоўку.

 

Важным сродкам выразнасці вуснага маўлення з’яўляецца інтанацыя – рытміка-меладычны бок маўлення, які ствараецца за кошт вар’іравання элементаў голасу – гучнасці, сілы, вышыні (тону і тэмбру), а таксама ўключае тэмп маўлення, мелодыку і рытм.

 

Роля інтанацыі ў працэсе камунікацыі:

  • дазваляе меркаваць аб важнасці, значнасці выказвання;

  • характарызуе адносіны моўцы да ўласнага выказвання;

  • выяўляе адносіны да суразмоўцы;

  • сведчыць аб эмацыянальна-псіхалагічным, фізічным стане таго, хто гаворыць.

 

У адпаведнасці з гэтым вылучаюць інтанацыю лагічную і эмацыянальную:

 

Авалоданне правільнай тэхнікай маўлення дазваляе прамоўцу не адчуваць стомленасці пры шматгадзіннай нагрузцы на маўленчы апарат, наладжваць максімальны кантакт са слухачамі, дабівацца высакаякаснага маўлення.

 

Падчас прафесійна-камунікатыўных кантактаў, перадачы інфармацыі выкарыстоўваюцца не толькі вербальныя (слоўныя, моўныя) сродкі ўздзеяння, а і так званыя невербальныя візуальныя сродкі зносін, г. зн. нямоўныя, тыя, якія ўспрымаюцца зрокава.

 

У працэсе камунікацыі на невербальны канал, паводле розных звестак, прыпадае ад 45 % да 80 % інфармацыі. Існуе таксама меркаванне, што пры зносінах паміж людзьмі пераважаюць невербальныя сродкі.

 

Да невербальных візуальных сродкаў уздзеяння адносяцца:

  • міміка – рухі твару, выраз твару;

  • жэсты – камунікатыўна скіраваныя дынамічныя рухі частак цела чалавека (галавы, рук, тулава, ног);

  • манеры – знешнія формы паводзін;

  • поза – становішча цела чалавека ў прасторы, манера стаяць. Неабходна памятаць, што невербальнае ўзаемадзеянне з’яўляецца дадатковым інфармацыйным і эмацыянальным сродкам камунікатыўных паводзін чалавека.

 

Асноўныя функцыі невербальных сродкаў:

  • несці дадатковую інфармацыю;

  • дапаўняць вербальнае паведамленне;

  • рэгуляваць узаемадзеянне людзей падчас маўлення.

 

Зносіны паміж людзьмі рэалізуюцца ў пэўнай сітуацыі, якую называюць маўленчай, або камунікатыўнай. Яе асноўнымі складнікамі выступаюць: тэма – мэта – месца – час – суб’ект (моўца) – адрасат (слухач) – маўленне. Адным з відаў маўленчай дзейнасці з’яўляецца публічнае маўленне.

 

Публічнае маўленне – гэта вуснае выступленне перад масавым слухачом; від кантактаў сувязёй з іншымі людзьмі, які ўяўляе сабой працэс перадачы і прыёму інфармацыі.

 

Характэрныя прыметы публічнага маўлення:

  • арыентацыя на вуснае маўленне;

  • сітуацыйнасць;

  • выкарыстанне як вербальных, так і невербальных сродкаў уздзеяння;

  • папярэдняя прадуманасць, падрыхтаванасць;

  • маналагічная форма;

  • элементы дыялагізацыі;

  • наяўнасць калектыўнага субяседніка;

 

Да асноўных фактараў паспяховага выступлення трэба аднесці:

  • выбар тэмы выступлення (тэма павінна адпавядаць агульнай падрыхтоўцы і практычнаму вопыту прамоўцы, маўленчай сітуацыі і інтарэсам слухачоў);

  • фармулёўка тэмы (павінна быць па магчымасці яркай, вобразнай, запамінальнай, палемічна завостранай, дакладнай і лаканічнай, “рэкламнай”);

  • вызначэнне агульнай і канкрэтнай мэт выступлення (мэтавая скіраванасць і эфектыўнасць маўлення);

  • падбор матэрыялаў (тэарэтычныя і эмпірычныя крыніцы назапашвання матэрыялу, СМІ, Інтэрнэт, ілюстрацыйны матэрыял);

  • аналіз выбранага матэрыялу (вызначэнне ўласнай пазіцыі, фармулёўка сваіх думак, асэнсаванне прапанаваных ідэй з пазіцыі слухачоў);

  • складанне плана (папярэдняга, рабочага, асноўнага, простага, складанага);

  • кампазіцыя (структура) маўлення (прынцыпы паслядоўнасці, лагічнасці, эканоміі, узмацнення, суадноснасць састаўных элементаў кампазіцыі – уступу, асноўнай часткі, заключэння);

  • метады падачы матэрыялу (індуктыўны, дэдуктыўны, гістарычны, метад аналогіі);

  • моўнае афармленне публічнага выступлення (падрыхтоўка пісьмовага тэксту маўлення, слоўнае афармленне тэксту);

  • аргументацыя (лагічныя і камунікатыўныя аргументы, доказы);

  • авалоданне матэрыялам выступлення;

  • кантакт са слухачамі (інтэлектуальны, эмацыянальны, візуальны, фанацыйны).

 

Трэба памятаць, што ўменне выступаць публічна – гэта мастацтва, якім можна авалодаць толькі шмат і сістэматычна практыкуючыся, працуючы над сабой.

 

Поспех пасяджэнняў, сходаў, канферэнцый залежыць не толькі ад тэкстаў дакладаў і выступленняў, якія павінны рыхтавацца зараней: план, тэкст, тэзісы, але і ад візуальнага кантакту з аўдыторыяй. Пачынаць не абавязкова з уступу, хоць ён і пажаданы, а з самага важнага і актуальнага. Абавязковым з’яўляецца вывад, падагульненне, дзе не толькі падводзіцца вынік, але і робяцца прапановы, напрыклад, па практычнаму прымяненню.

 

Важнейшыя патрабаванні да дзелавога выступлення – канкрэтнасць і канструктыўнасць. Выступленне ўпрыгожвае правільная інтанацыя, змяненне тэмпу маўлення, што мяняецца ў працэсе маналога, вытрымліванне паўз паміж важнымі думкамі або пасля іх выкладу. Слухачоў могуць раздражняць няправільна вымаўленыя словы, памылкова пастаўленыя націскі, паўторы адных і тых жа слоў ці выразаў (магчыма паўтарэнне асноўных думак, але рознымі фразамі).

 

Вядучы дыскусію (пасяджэнне) павінен сачыць за тым, каб яна не перарасла ў канфлікт. Дапамагаюць весці дыскусію веданне і ўжыванне этыкетных маўленчых формаў. Пачынацца дыскусія можа словамі:

- Прыступім да работы...

- Прашу вашай увагі...

- Будзем пачынаць...

- Дазвольце лічыць пасяджэнне адкрытым...

 

У ходзе абмеркавання вядучы можа выкарыстаць шэраг формаў:

- Давайце абмяркуем...

- Першае, што мы павінны абмеркаваць...

- Дазвольце адрасаваць гэта пытанне...

- Я думаю, што гэта пытанне можа быць зададзена пазней у індывідуальным парадку...

- Працягнем абмеркаванне пытання...

- Дазвольце перайсці да абмеркавання наступнага пытання...

- Давайце вернемся да тэмы (праблемы, сітуацыі)...

- Прашу не адхіляцца ад тэмы...

- Абмеркаванне будзе ўзноўлена...

- Дазвольце закрыць сход (пасяджэнне)...

 

Элементамі любой дыскусіі з’яўляюцца пытанні, якія задаюцца апанентамі і выступаючымі. Існуюць этыкетныя формы фармулёвак пытанняў:

- Дазвольце задаць пытанне...

- У мяне пытанне да...

- Я хацеў бы задаць пытанне...

- Мяне цікавіць...

- Не маглі б Вы мне растлумачыць...

 

Выступленні і пытанні звычайна папярэджваюцца зваротамі: паважаныя, глыбокапаважаныя, таварышы, спадарства, сябры, калегі. У адказах на пытанні могуць утрымлівацца наступныя выразы:

- Я б хацеў адказаць на Ваша пытанне наступным чынам...

- Паўтарыце, калі ласка, пытанне...

- Я не магу адказаць на Ваша пытанне, таму што...

- Наколькі я ведаю...

- Дазвольце пачаць з адказу на апошняе пытанне...

- Калі Вы не супраць, то я б хацеў падумаць...

 

Этыка правядзення дыскусій патрабуе пазбягаць абвастрэння спрэчак, канфліктаў. Дапамагаюць змякчыць сітуацыю этыкетныя формы выражэння нязгоды:

- Я магу згадзіцца, але толькі пры пэўных умовах...

- Я згодны з многімі палажэннямі, але лічу неабходным...

- Я б хацеў падтрымаць, але...

- Я б хацеў прыцягнуць Вашу ўвагу да...

- У мяне ёсць некалькі заўваг...

- Я не магу раздзяліць Вашу думку... па дадзенаму пытанню...

- На мой погляд, нам неабходна абмеркаваць гэтае пытанне больш канкрэтна...

 

Любое выступленне заканчваецца падзякай. У любой дыскусіі неабходна выражаць павагу да субяседніка або апанента, нават калі яго выказванне на першы погляд здаецца недарэчным. Неабходна імкнуцца зразумець чужое меркаванне, цярпліва выслухаць яго. Дыскусія павінна весці да супрацоўніцтва. На месцы сваёй працы чалавек знаходзіцца значную частку свайго жыцця, таму важным фактарам для большасці з’яўляецца маральны клімат у калектыве. Паступова супрацоўнік развівае свае дзелавыя якасці, прафесійнае маўленне, і больш плённа гэта адбываецца ў працаздольным і дружным калектыве.

 

Залатое правіла маўленчых зносін сцвярджае: чым цішэй гаворыш, тым лепш цябе зразумеюць. Ціхая, прыемная і спакойная мова афарбавана і тэмбрам голасу, і абаяльнасцю прамоўцы, але і тут можна праявіць і патрабавальнасць, і рашучасць, і выразнасць. Ціхая прамова настройвае на развагу, а гучная выклікае трывогу, неспакой. Прыкметай культуры і розуму з’яўляецца мілагучная, выразная і багатая мова.

 

Тэмп нашай мовы своеасабліва спалучаецца са зместам, таму найбольш значныя часткі матэрыялу трэба выкладаць павольней, выдзяляць інтанацыйна. Лічыцца: чым большая колькасць слухачоў, тым павольней неабходна гаварыць. Выступаючаму патрэбны паўзы: па-першае, на іх звяртаецца ўвага, па-другое, паўза дазваляе аддзяліць сэнсавыя часткі тэксту, па-трэцяе, вытрымаць патрэбную паўзу – гэта майстэрства аратара.

 

Такім чынам, асноўным інструментам уздзеяння на аўдыторыю з’яўляецца, несумненна, слова, але варта прымяняць і дапаможныя сродкі. Яны ўзмацняюць эмацыянальны бок выступлення або гутаркі, але прымяняць іх патрэбна ўмела. Не суправаджайце жэстыкуляцыяй увесь тэкст выступлення, гутаркі, прамовы, таму што не кожная фраза патрабуе падкрэслівання жэстам. Колькасць і інтэнсіўнасць жэстаў павінны адпавядаць умовам і мэтам зносін. Прынята лічыць: калі выступаючаму няма чаго сказаць па сутнасці, то ён пачынае актыўна жэстыкуляваць. Жэстыкуляцыя адцягвае ўвагу субяседнікаў і слухачоў, таму варта памятаць, што пры ўключэнні жэстаў у моўную плынь збядняецца яе выразнасць, зніжаецца эфектыўнасць уздзеяння на прысутных.

 

Чым меншая адлегласць паміж субяседнікамі, тым больш цёплыя і даверлівыя адносіны складваюцца між імі. Вядома, што павелічэнне адлегласці да двух і болей метраў вядзе да з’яўлення адчужанасці, дыстанцыйнасці ў адносінах.

 

Поспех, выніковасць, вартасць любой гутаркі ці выступлення, безумоўна, залежаць ад мноства фактараў, але ні жэсты, ні інтанацыя, ні знешні выгляд аратара не заменяць сілы слова. Толькі свабодна валодаючы моўнымі сродкамі, дастатковым лексічным запасам, можна авалодаць увагай слухачоў, данесці неабходнае, пераканаць, зацікавіць.

Пытанні для самакантролю:

  1. Якія кампаненты ўключае тэхніка вуснага маўлення?

  2. Чым адрозніваюцца невербальныя сродкі зносін ад вербальных?

  3. Што такое публічнае маўленне?

  4. Назавіце характэрныя прыметы публічнага маўлення.

  5. Якія фактары ўплываюць на паспяховасць выступлення?

bottom of page