top of page

Тэма: Нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы

Літаратурнай мовай называюць вышэйшую (узорную, апрацаваную) форму нацыянальнай мовы, якая гістарычна склалася, мае багаты лексічны фонд, упарадкаваную граматычную структуру і развітую сістэму стыляў.

 

Вядома, гэтыя ўласцівасці літаратурнай мовы з’явіліся не адразу, а ў выніку працяглага і адмысловага адбору найбольш дакладных і важкіх слоў і словазлучэнняў, найбольш зручных і мэтазгодных граматычных форм і канструкцый. Гэты адбор ажыццяўляўся з улікам творчага абагачэння і ўдасканалення роднай мовы.

 

Асноўнай прыметай літаратурнай мовы з’яўляецца яе нарматыўнасць. Пад нормай разумеецца выпрацаванае грамадствам найбольш пашыранае або агульнапрынятае выкарыстанне моўных сродкаў, якія замацаваны ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках і якія сталі ўзорам і заканадаўча замацаваны ў выглядзе правіл, рэкамендацый. Прынятая норма з’яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы. Добра ведаць мову немагчыма без стараннага вывучэння яе норм вымаўлення і націску, словаўжывання, граматыкі (марфалогіі і сінтаксісу), а таксама стылістычных нормаў.

 

Літаратурная норма – агульнапрынятыя правілы, замацаваныя ў маўленчай практыцы і зафіксаваныя ў слоўніках, даведніках, граматыках.

 

Літаратурная норма не з’яўляецца нязменнай. 3 развіццём мовы развіваецца і норма. Веданне норм беларускай літаратурнай мовы неабходна кожнаму адукаванаму чалавеку.

 

Беларуская літаратурная мова мае свае нормы:

  • арфаэпічныя – рэгулююць вымаўленне гукаў, спалучэння гукаў у словах і спалучэннях слоў.

 

Так, гукі [ч], [р] заўсёды цвёрдыя; гукі [м], [п] перад мяккімі зычнымі і ў канцы слоў выступаюць толькі цвёрдымі: насы[п]це, восе[м], голу[п]; гукі [з], [с] перад усімі мяккімі, акрамя [г’], [к’], [х’], ва ўласных словах павінны вымаўляцца мякка: [с’н’]ег, [c’ м’]ех, [с’ в’]яціць, шэ[с’ ц’], [з’ л ’]іццё, ку[з’н’]я, [з’дз’]ей [с’н’]іць, [з’б’]іць; прыназоўнікі на д, б, з вымаўляюцца разам у спалучэнні з наступным словам і ў адпаведнасці з правілам: перад глухім – глухі ( над [т] хатай, аб [п] хлебе ), з [с] хаты, перад звонкім – звонкі ( над братам, аб дарозе, з бяды ) і інш.;

 

Усе галосныя гукі пад націскам вымаўляюцца выразна: там, сяло, мэта, цёмна.

На месцы [о], [э], [а] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных не пад націскам вымаўляецца [а]: ногі – нага, рэкі – рака.  У іншамоўных словах гук [э] захоўваецца: дэкада, тэарэма, рэформа. У некаторых словах са спалучэннямі ро, ло, рэ не пад націскам вымаўляецца [ы]: гром – грымець, глотка – глытаць, хрэст – хрысціць.

 

На месцы [о], [э], [а] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам вымаўляецца [а] (на пісьме абазначаецца літарай я): несці – нясу, сёлы – сяло. Ва ўсіх астатніх (перад – і паслянаціскных складах) гэтыя гукі вымаўляюцца як [э]: зеленаваты, медзведзяня. У іншамоўных словах гук [э] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам захоўваецца: перон, сезон, секунда, Бетховен.

 

Вымаўленне [і], [ы]:

– пасля галоснага, пасля зычнага пры раздзельным вымаўленні да гука [і] далучаецца [й]: ра[йі]цца, вераб[йі];

– у пачатку слова, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны, замест [і] вымаўляецца [й] ці [йі]: сястра [й] брат, дарога на [Йі]вацэвічы;

– пасля цвёрдых зычных (акрамя г, к, х) на стыку кораня і прыстаўкі, частак складаных слоў або двух самастойных слоў пры іх злітным вымаўленні замест [і] вымаўляецца [ы]: пед[ы]нстытут, сын [ы] брат, пасля г, к, х – [і]: смех [і] грэх, Мінск [і] Віцебск.

 

Гукі [ж], [ш], [дж], [ч], [р], [ц] – зацвярдзелыя (заўсёды вымаўляюцца цвёрда): жыта, сяджу, чорны, шаптаць, рукзак, цэп.

 

Звонкія зычныя на канцы слоў і ў сярэдзіне слова перад глухімі аглушаюцца: сад – [сат], лодка – [лотка]. Глухія зычныя перад звонкімі азванчаюцца: просьба – [проз’ба], малацьба – [маладз’ба].

 

Свісцячыя [з], [с], [дз], [ц] перад мяккімі зычнымі (акрамя г, к, х) вымаўляюцца мякка: [з’в’ін’эц’], [с’н’эх], [дз’в’э], [ц’в’орды]. Перад г, к, х – цвёрда: [сх’эма], [м’інск’і], [зг’інуц’].

 

Шыпячыя перад свісцячымі вымаўляюцца як свісцячыя: у бочцы – [у боццы], на дошцы – [на досцы]. Свісцячыя перад шыпячымі вымаўляюцца як шыпячыя: сшытак – [шшытак], грузчык – [грушчык].

 

Спалучэнні [сч], [сшч], [зч] вымаўляюцца як [шч]: падпісчык – [патп’ішчык], расказчык – [раскашчык].

 

Губныя [б], [п], [м], [ф] перад мяккімі зычнымі пры раздзельным вымаўленні і на канцы слоў вымаўляюцца цвёрда: [бйэ], [пйэ], голу[п], вер[ф], се[м].

 

Гукі [в], [л] пасля галоснага перад зычным і на канцы слоў пераходзяць у [ў]: певень – пе[ў]нік, хадзіла – хадзі[ў].

 

Гукі [з], [с], [дз], [ц], [ж], [ш], [ч], [л], [н] у становішчы паміж галоснымі вымаўляюцца падоўжана (на пісьме яны перадаюцца падвойным напісаннем адпаведнай літары): рыззё, калоссе.

 

Гукі [д], [т] перад [ч] вымаўляюцца як [ч], а перад [ц] як [ц]: перакладчык – [п’эраклаччык], лётчык – [л’оччык], у лодцы – [у лоццы], у хатцы – [у хаццы].

 

Спалучэнні [дск], [зск] вымаўляюцца як [цк], [ск]: гарадскі – [гарацк’і], каўказскі – [каўкаск’і].

 

Спалучэнні [жс], [шс], [зс] вымаўляюцца як [с]: нясвіжскі – [н’ас’в’іск’і], добрушскі – [добруск’і], французскі – [француск’і].

 

Спалучэнне [чн] вымаўляецца нязменна: сталічны – [стал’ічны], яечня – [йайэчн’а].

  • акцэнталагічныя – рэгулююць месца размяшчэння націску ў словах і спалучэннях слоў, бо націск можа ў розных словах ( параўн.: до́бры, дабрэ́ць, дабрыня́ ), нават у розных формах аднаго і таго ж слова ( рука́ – ру́кі, рукі́ ) быць на розным месцы, рознамясцовым. Адной з прычын ненарматыўнай настаноўкі націску ў беларускіх словах з’яўляецца ўплыў рускай мовы.

 

Веданне акцэнталагічнай нормы – істотны элемент культуры маўлення ў цэлым.

   

Некаторыя акцэнталагічныя асаблівасці беларускай і рускай моў

5_1.jpg

Арфаграфічныя – рэгулююць выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання слова ці яго часткі, які адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

Прынцып арфаграфii – гэта асноўная iдэя, заканамернасць, на якой будуюцца i аб’ядноўваюцца ў групы канкрэтныя правiлы напiсання. Беларускі правапіс грунтуецца пераважна на двух прынцыпах – фанетычным i марфалагiчным.

Фанетычны прынцып адлюстроўвае на пісьме лiтаратурнае вымаўленне гукаў i iх спалучэнняў у словах. Ён зблiжае пiсьмовую форму мовы з вуснай, дае магчымасць перадаць спецыфiчныя асаблiвасцi фанетычнага ладу беларускай лiтаратурнай мовы – аканне, яканне, дзеканне, цеканне, цвёрдасць шыпячых i [р], падаўжэнне зычных i г.д. На фанетычным прынцыпе грунтуюцца наступныя правiлы:

  • правапiс о, э–а (ы): рэкі – рака, год – гады, адрас, Ватэрлоа;

  • правапiс е, ё–я: клён – кляновы, метро, сяржант, дзясяты;

  • правапiс спалучэнняў галосных у запазычаных словах: фае, гігіена, акiян;

  • правапіс у і ў у залежнасці ад пазіцыі ў слове: моцны ўдар, ад удару;

  • правапiс прыставак на -з (-с): бездапаможны, бяскрайні, згарэць;

  • правапiс д–дз, т–ц: горад – у горадзе, плот – на плоце;

  • правапiс спалучэнняў зн, нц, рц, рн, сн, сл, дт: посны, позна, сонца, сэрца, мiласэрны, радасны, Рэмбрант;

  • правапіс падоўжаных зычных: калоссе, карэнне, стагоддзе;

  • правапіс адной літары ў словах іншамоўнага паходжання: алея, маса;

  • правапіс прыстаўных гукаў: імгла, восень, павук, гэты;

  • напiсанне лiтары ц на месцы спалучэння каранёвых ц, т, ч, і суфiксальнага с (у суфiксах -ск-, -ств- ): салдат – салдацкi, студэнт – студэнцтва, ткач – ткацкi, рыбак – рыбацкі, чалавек – чалавецтва;

  • напiсанне лiтары с на месцы спалучэнняў каранёвых ж, ш, г, х i суфiкса -ств-, а таксама караневага с i суфiкса -ск-: Беларусь – беларускі, прыгожы – прыгоства, харошы – хараство, птах – птаства;

  • захаванне на пісьме асіміляцыі свісцячых да шыпячых у некаторых словах: пяшчота, нішчымны і інш.

  • Заўвага: выключэнні з правіл не адпавядаюць фанетычнаму прынцыпу напісання.

Марфалагiчны прынцып перадае аднастайнае напісанне адных і тых жа значымых частак слоў, нягледзячы на адрозненні ў iх вымаўленні. Ён дазваляе захаваць выразную марфемную структуру слова.

На марфалагiчным прынцыпе грунтуюцца наступныя правiлы:

  • правапiс звонкiх зычных на канцы слоў i перад глухiмi: грыб, дзядзька, гразь, лодка;

  • напiсанне прыставак i прыназоўнiкаў на -б, -д, а таксама прыназоўнiкаў на -з: абвясціць, абчасаць, з хаты, без цябе, пад страхою;

  • правапiс глухiх зычных перад звонкiмi: просьба, вакзал, футбол, лічба;

  • правапiс шыпячых перад свiсцячымi і свiсцячых перад шыпячымi: на рэчцы, мыешся, зжаць, бясшумны;

  • правапiс мяккiх зычных (мяккасць зычных, якая ўзнiкае пад уплывам наступнага мяккага гука, на пiсьме не перадаецца): змена, святло, дзверы;

  • правапiс караневых зычных з, ж, ш, г, х перад суфiксам -ск- у прыметнiках, утвораных ад геаграфiчных назваў: французскі, нясвіжскі, балхашскі, казахскi;

  • правапiс д, т перад ц, ч: матчын, у хатцы, у лодцы, дакладчык;

  • правапiс каранёвага д перад суфiксамi -ск-,-ств-: грамадства, суседскі;

  • правапiс е ў прыназоўнiку без i часцiцы не: не бойся, без страху.

Апрача фанетычных і марфалагічных напісанняў, ёсць традыцыйныя і дыферэнцыраваныя напісанні. Традыцыйныя (гiстарычныя) напiсаннi перадаюцца па традыцыi i не адпавядаюць сучасным нормам пiсьма (напісанне з вялікай літары кожнага слова ў назвах міжнародных арганізацый, кожнага новага радка верша і г.д.). Дыферэнцыраваныя напiсаннi адрознiваюць сугучныя словы або iх формы, якiя супадаюць у вымаўленнi. Так, напрыклад, размяжоўваюцца канчаткi творнага склону ў аднолькавых прозвiшчах і геаграфiчных назвах: з Iванавым i пад Iванавам; а таксама ўжыванне вялiкай i малой лiтары пры напiсаннi ўласных i агульных назоўнiкаў: Цётка (паэтэса) i цётка, М.Чарот (пісьменнік ) i чарот. 

Галосныя о, э звычайна пішуцца ў беларускай мове толькі пад націскам: горад, мова, шэсць, чэрствы. Не пад націскам у адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем замест о, э пішацца літара а (аканне): гарады, маўленне, шасцёрка, чарсцвець.

 

Літара а пішацца не пад націскам незалежна ад паходжання слова: Токіа, сальфеджыа, характар, рамонт.

 

У некаторых спрадвечна беларускіх словах са складамі ро, ло замест о не пад націскам пішацца ы: кроў – крывавы, дровы – дрывотня (але: драўляны), глотка – глытаць. З літарай ы пішуцца словы яблык, яблыня, яблычны, яблыневы.

 

У адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем літара ы пішацца ў некаторых запазычаных словах: абарыген, дырыжор, рызіна, арышт, дырэктар, рысора, брызент, зарыва, трывога, дрызіна, інжынер, хрыбет, дрымучы, канцылярыя, цырымонія, дылетант, почырк, чыгун.

А ў некаторых словах пішацца літара і:  бліскавіца, блішчаць, бліскаўка (але: бляск, бляшанка).

 

Канцавыя ненаціскныя -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, лідар, камп’ютар, тэндар, ордар, менеджар, але ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання захоўваюцца -эль, -эр: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.

Літара э пішацца як пад націскам, так і не пад націскам:

  • пасля зацвярдзелых, а таксама [д], [т]: жэрдка, тэатр, рэдактар, дэталь, Жэнева, Цэйлон;

  • у пачатку некаторых (пераважна запазычаных) слоў: эра, эпас, экватар, экзэмпляр, Эстонія, Эфіопія;

  • на канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён, геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к: купэ, кафэ, кашнэ, Хасэ, Душанбэ (але: філе, сальта-мартале, піке, камюніке).   

  • Літара ё пішацца ў беларускай мове толькі пад націскам: узлёт, сёстры.

Заўвага:

а) літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд-, ёт-: ёдапірын, ётаванне, а таксама ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёграма, радыёстанцыя;

б) калі першая частка складанага слова з’яўляецца вытворнай ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е: радыеактыўнасць, радыеметрычны (але: у першым складзе перад націскам пішацца я: радыяметрыя, радыяхімія, радыялогія).

Замест е, ё ў першым складзе перад націскам пішацца я (яканне): мёд –мядовы, цёмны – цямнець, веліч – вялікі, дзевяць – дзявяты. Літара я ў такім становішчы пішацца і ў даўно запазычаных словах: дзяжурны, каляндар, яфрэйтар, сяржант, мянтуз, мячэць, яхідна, янот.

Ва ўсіх іншых ненаціскных складах пішацца е: зеленаваты, медзведзяня, песняры.

 

У словах іншамоўнага паходжання ў першым складзе перад націскам пішацца літара е: калектыў, метровы, секунда, гектар, перон, В’етнам, Палесціна.

Літара е пішацца ў пачатку некаторых запазычаных слоў: егер, ерэтык, Еўропа, Еўпаторыя, Еўфрат.

Часціца не і прыназоўнік без заўсёды пішуцца з літарай е: не быў, не браў, не ідзе, не спыніць, без меры, без жартаў, без прычыны, не без вынікаў.

Пры напісанні разам не і без становяцца прыстаўкамі і падпарадкоўваюцца агульным правілам напісання галосных літар е, я: няха'й, нясто'мна, няшта'тны, бязме'жны, бязлю'дны, бяско'нца; але: непісьме'нны, безупы'нны, безапеляцы'йны, бескары'сны, беспаваро'тны.

Каранёвае я пішацца нязменна незалежна ад націску: віцязь, заяц, Прыпяць, Якім (Якімовіч), выгляд, зязюля, пояс, Якуб (Якубовіч), выняньчыць, лямант, пяцярня, яравізацыя, Вячаслаў, лямантаваць, Свіцязь, яравыя, выява, ляскат, свята, Яраш, (Ярашэвіч), дзевяць, ляскатаць, святкаваць, дзесяць, месяц, сувязь, дзятляня, мяккаваты, тысяча, догляд, памяць, цягнікі, завязь, перыяд, цяжкаваты.

Літара я пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (ро'ўнядзь, бо'язь, дро'бязь) і дзеясловаў (ла'яць, ве'яць, се'яць, ка'шляць, ба'яць, му'ляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (ла'янка, ве'ялка, се'ялка).

Большасць запазычаных слоў, якія маюць спалучэнні галосных, пішуцца згодна з правіламі беларускай арфаграфіі. У некаторых выпадках іншамоўныя спалучэнні захоўваюцца нязменна.

Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як два склады, тады яны на пісьме абазначаюцца:

  • паміж зычнымі – літарамі іё (ыё) пад націскам і ія (ыя) не пад націскам: біёлаг, біёграф, дамініён, Ліён, аксіёма, бібліёграф, Галакціён, Гесіёд, патрыёт, рацыён, радыёла, стадыён, бастыён, біяло'гія, бібліятэ'ка, геліятро'п, піяне'р, ажыята'ж, перыяды'чны, патрыяты'зм, акцыяне'рны, нацыяна'льны, рацыяналіза'тар;

  • у пачатку слова – літарамі іо пад націскам і іа не пад націскам: іо'н, іо'нны, Іо'сіф, Іані'чнае мора, іані'йцы, іаніза'цыя, Іакага'ма, Іаркшы'р, Іашка'р-Ала', Іаа'н.

Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як адзін склад, тады на пісьме яны перадаюцца:

  • пасля галосных – праз ё пад націскам і я не пад націскам: раён, раённы, маёр, Маёраў, Лаёла; маянэ'з, маяра'н, маяра'т, раяні'раванне;

  • у пачатку слова – праз ё: ёг, ёгурт, ёд, ёдзісты, ёт (гук), ёта (літара), ётацыя,ёдаформ, ёднаваты, ётаваны.

Спалучэнне іе абазначаецца на пісьме літарамі іе (ые): гігіе'на, кліе'нт, аўдые'нцыя, арыента'цыя, абітурые'нт, кліенту'ра, іера'рхія, іе'на, іеро'гліф, Іерусалі'м, іерыхо'нскі.

Спалучэнне йе заўсёды вымаўляецца як адзін склад і на пісьме ў пачатку слова і пасля галосных перадаецца праз е: езуіт, праект, канвеер, траекторыя, Феербах, Маерава, фае.

Спалучэнне іа абазначаецца на пісьме літарамі ія (ыя) незалежна ад месца націску: авія'цыя, лія'на, генія'льны, Ілія'да, энтузія'зм, фартэпія'на, піяні'ст, сацыялі'зм, сацыя'льны, варыя'нт, матэрыя'л, матэрыялі'зм, дыя'метр, дыяпазо'н, дыяфра'гма.

Спалучэнне йа на пісьме перадаецца:

  • пасля галосных і ў пачатку слова – праз я: раяль, пляяда, сакваяж, лаяльны, Савоя, Малая, Мая, ярус, яхта, ярд, яхант, ятаган;

  • пасля зычных л, с, ц (мяккага), дз і непрыставачных н і з – праз ья, пасля астатніх зычных – праз ’я: мільярд, мільярдны, кальян, мадзьяр, альянс, мільярдэр, саф’ян.

У беларускай мове ёсць прыстаўныя зычныя в, г і галосныя і, а.

Прыстаўная галосная і пішацца:

  • у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы;

  • у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна. Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Куп.). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (К-с). Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную, і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца: Азалаціла восень поле ржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі (К. Ч.). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (К-с).

Лексічныя – рэгулююць правільнасць выбару слова і дарэчнасць выкарыстання яго ў агульнавядомым значэнні і ў агульнавядомых спалучэннях; напрыклад, з рада сінанімічных слоў: перапынак, паўза, антракт чалавек выбірае адно, якое найбольш дакладна адпавядае кантэксту, спалучаецца з іншымі; альбо нельга спалучаць рознастылёвыя словы тыпу: мадам зараўла; нядобра ўжываць русізмы тыпу: недахват вільгаці, абучэнне моладзі, бо па-беларуску правільна: недахоп вільгаці, навучанне моладзі.

Фразеалагічныя –рэгулююць традыцыйнае, замацаванае ў пісьмовай і вуснай практыцы ўжыванне фразеалагізмаў з характэрнымі для іх структурна-граматычнымі, семантычнымі і спалучальнымі асаблівасцямі.

У маўленчай практыцы за кожным фразеалагізмам замацавана пэўнае значэнне ці значэнні, кампанентны склад, структурная арганізацыя, лексіка-граматычная спалучальнасць са словамі ў сказе. Фразеалагічныя памылкі звязаны з ужываннем фразеалагізма не з тым значэннем, якое замацавалася за ім, з немэтазгодным ужываннем дыялектных фразеалагізмаў у аўтарскім тэксце ці ўключэннем іх у навуковыя, афіцыйныя тэксты, а таксама з парушэннем спалучальных магчымасцей фразеалагізма (ужыванне фразеалагізма не з тым дзеясловам-суправаджальнікам, які традыцыйна замацаваны за ім, напрыклад: ужыванне выразу сышліся душа ў душу замест жыць (пражыць, зажыць) душа ў душу), з парушэннем традыцыйнай формы фразеалагізма (замена аднаго кампанента іншым, пашырэнне кампанентнага складу, аб’яднанне двух фразеалагізмаў у адзін).

Словаўтваральныя – рэгулююць выбар марфем, іх размяшчэнне і спалучэнне ў слове ў строгай адпаведнасці з правіламі словаўтварэння, якія існуюць у беларускай літаратурнай мове.

Утварэнне новых лексічных адзінак у мове або ўзнаўленне ў працэсе маўлення тых, што ўжо існуюць, адбываецца паводле пэўных правіл словаўтварэння і на ўзор адпаведных мадэлей. Таму, калі пад літаратурнай нормай разумець прынятыя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словазмянення, словаўжывання і г.д., то словаўтваральнай нормай трэба лічыць утварэнне слоў і іх ужыванне ў строгай адпаведнасці з правіламі словаўтварэння, што існуюць у беларускай літаратурнай мове.

Напрыклад, у перыядычным друку сустракаецца слова выступоўца ў значэнні і на ўзор утварэння прамоўца. Аднак, калі прамоўца ўтворана ад назоўніка з дапамогай прадуктыўнага ў сучаснай беларускай мове суфікса -ц- (а): прамова – прамоў-ц-а, то выступоўца можа быць суаднесена толькі з дзеясловам выступіць (выступаць): выступіць – выступ-оўц-а. А суфікс -оўц-(а) не ўласцівы словаўтваральнай сістэме беларускай мовы.

Як і ўсе літаратурныя нормы, словаўтваральныя нормы могуць мяняцца. Толькі маўленчая практыка вырашае лёс таго ці іншага слова або запазычання, якія не адпавядаюць словаўтваральным сувязям і адносінам, што існуюць у сучаснай літаратурнай мове.

Стылістычныя – рэгулююць ужыванне стылістычна афарбаваных слоў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый у адпаведнасці з сітуацыяй маўлення.

Стылістычныя нормы складзеныя гістарычна і заканамерна развітыя агульнапрынятыя рэалізацыі стылістычных магчымасцей, абумоўленыя мэтамі, задачамі і зместам маўлення пэўнай сферы зносін; гэта правілы найбольш мэтазгодных у кожнай сферы зносін рэалізацый прынцыпаў адбору і спалучэння моўных сродкаў, што ствараюць пэўную стылістычна-маўленчую арганізацыю. Стылістычная норма суадносіцца з агульнамоўнай як прыватнае да агульнага. Стылістычная норма, абапіраючыся на літаратурна-моўную, усталёўвае асаблівасці яе праяўлення ў кожным асобным стылі.

Паняцце стылістычнай нормы звязваюць з адборам моўных сродкаў (што адпавядае дадзенаму стылю, а што – не); правіламі іх спалучэння ў межах тэксту; суадносінамі міжстылёвых і ўласна стылёвых моўных з’яў.

Стылістычныя нормы падзяляюцца на “экспрэсіўна-стылістычныя, звязаныя са стварэннем выразнага эфекту выказвання, і функцыянальна-стылістычныя – найбольш мэтазгодныя ў кожнай сферы зносін рэалізацыі прынцыпаў адбору і спалучэння моўных сродкаў, што ствараюць пэўную стылістычна-маўленчую арганізацыю”.

Крытэрый адпаведнасці або неадпаведнасці выказвання стылістычным нормам павінен быць гібкім і глыбока функцыянальным, паколькі “стылістычныя нормы існуюць у мове традыцыйна, яны складваюцца ў працэсе шматвяковай моўнай практыкі адукаваных людзей, рэгламентуюцца слоўнікамі літаратурнай мовы, замацоўваюцца лепшымі творамі мастацкай і публіцыстычнай літаратуры”.

Стылістычна нарматыўным выступае тое, што аказваецца стылістычна дарэчным для данай сферы зносін, функцыянальнага стылю, жанра. Напрыклад, выкарыстанне ў размоўна-гутарковай мове размоўных, прастамоўных слоў, дыялектнай лексікі або аргатычнай суадносіцца са стылістычнай нормай гэтай функцыянальна-стылістычнай разнавіднасці. Стылістычным нормам афіцыйна-справаводчага дакумента адпавядае выкарыстанне ў ім тэрмінаглагічнай лексікі, штампаў, кніжнай лексікі. З другога боку, парушэннем стылістычнай нормы навуковага тэксту можна лічыць ужыванне ў ім вобразных сродкаў мовы, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі.

Марфалагічныя – рэгулююць правільнае формаўтварэнне і словазмяненне часцін мовы; напрыклад, у беларускай мове назоўнікі дроб, запіс, медаль, накіп, насып, палын, сабака, стэп, цень, шынель мужчынскага роду, таму спалэчэнні з іншымі словамі адметныя ў параўнанні з рускай мовай, дзе гэтыя назоўнікі жаночага роду, параўнайце бел.: цікавы запіс, залаты медаль, шырокі стэп, цень рухаўся, сабака пабег і руск.: интересная запись, золотая медаль, широкая степь, тень двигалась, собака побежала і інш. (Гл. Дадатак № 1,2,3,4,5,6,7)

Сінтаксічныя – правілы спалучэння слоў у розных канструкцыях; вызначаюць межы спалучальнасці слоў, рэгулююць правільнае спалучэнне слоў у словазлучэнні, у сказы, якое грунтуецца як па законах каардынацыі, дапасавання, кіравання, прымыкання, так і на сінтаксіных здольнасцях пэўных лексем.

У сінтаксічных канструкцыях выразна выяўляецца нацыянальная адметнасць мовы, таму правільная пабудова словазлучэнняў успрымаецца як паказчык культуры маўлення і культуры чалавека ўвогуле. Асабліва ва ўмовах цяперашняга білінгвізму важна ведаць спецыфіку будовы сінтаксіч­ных канструкцый у беларускай мове ў параўнанні іх з рускай. Практыка паказвае, што парушэнні сінтаксічных нормаў – надзвычай пашыраныя памылкі не толькі ў мове студэнтаў, але і ў мове настаўнікаў, дыпламаваных спецыялістаў, дыктараў радыё і тэлебачання. Пералічым асноўныя сінтаксічныя нормы беларускай літаратурнай мовы.

Пытанні для самакантролю:

  1. Якія існуюць нормы літаратурнай мовы?

  2. Якія нормы літаратурнага вымаўлення дзейнічаюць у беларускай мове?

  3. У чым асаблівасці катэгорыі ліку назоўнікаў у беларускай мове?

  4. У чым граматычная спецыфіка катэгорыі роду назоўнікаў?

  5. Як утвараюцца формы ступеняў параўнання якасных прыметнікаў?

  6. Якія асаблівасці ўжывання займеннікаў у беларускай мове7

  7. Якія асаблівасці ўжывання лічэбнікаў з назоўнікамі?

  8. Якія формы ўласцівы дзеяслову?

  9. Як утвараюцца дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі ў беларускай мове?

  10. Як утвараюцца прыслоўі ў беларускай мове?

  11. Якія асаблівасці дапасавання і кіравання беларускай мовы?

  12. Якія асаблівасці беларускай каардынацыі?

bottom of page