Трэба любiць, ведаць i шанаваць
мову свайго народа i ўмець
дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас
Тэма: Маўленчы этыкет і культура зносін
Маўленчы этыкет – гэта выпрацаваныя правілы маўленчых паводзін, сістэма маўленчых формул. Веданне правіл маўленчага этыкету дазваляе чалавеку адчуваць сябе ўпэўнена, натуральна ў любой маўленчай сітуацыі, пры любых прафесійна-дзелавых абставінах. Захаванне маўленчага этыкету людзьмі пэўных прафесій спрыяе ўмацаванню і павышэнню ўзроўню маўленчай культуры ўсіх носьбітаў мовы.
Маўленчы этыкет мае нацыянальную спецыфіку. Веданне асаблівасцяў этыкету свайго народа і народаў іншых краін, яго маўленчых формул, валоданне спецыфікай дзелавых стасункаў дапамагаюць пры выкананні прафесійных абавязкаў устанаўленні кантактаў з калегамі, партнёрамі, чыноўнікамі.
Маўленчы этыкет, выбар маўленчых этыкетных выразаў вызначаецца сацыяльным статусам чалавека, яго прафесіяй, нацыянальнасцю, узростам, полам, характарам, а таксама маўленчай сітуацыяй, варункамі зносін (публічнае выступленне, прэзентацыя, канферэнцыя, дзелавая сустрэча, кансультацыя і інш.).
У беларускай мове гістарычна склаліся наступныя віды формул маўленчага этыкету:
-
зварот: спадар, спадарыня, спадары, спадарства, панове, сябра, дружа, сябры, калегі, каляжанкі, шаноўная грамада, таварыш, паважаны, шаноўныя, цётка, цётачка, дзядзька, дзядзечка;
-
падзяка: Шчыры дзякуй! Вялікі дзякуй! Вельмі ўдзячны Вам! Дзякуй на добрым слове!;
-
знаёмства: Дазвольце адрэкамендавацца! Вельмі прыемна! Будзем знаёмы!;
-
прывітанне: Добры дзень! Добры вечар! Добрай раніцы! Маё шанаванне! Вітаю Вас! Прывітанне!;
-
развітанне: Да пабачэння! Усяго найлепшага! Да сустрэчы! Усяго Вам добрага! Да заўтра! Шчасліва! Пабачымся! Пакуль! Бывайце! Бывайце здаровы! Дазвольце з Вамі развітацца!;
-
прабачэнне: Прабачце! Прашу прабачэння! Даруйце, калі ласка! Выбачайце! Не крыўдуйце (не сярдуйце, не злуйцеся)! Даруйце (выбачайце), калі што не так!;
-
віншаванне: Віншую Вас! Жадаю Вам! Дазвольце павіншаваць! Са святам! Дасылаю Вам свае віншаванні! 3 юбілеем!;
-
згода, пацвярджэнне: Так. Але. Вядома! Зразумела! Пэўна ж! Добра, згода! Няма сумнення! Дамовіліся! Вельмі слушна! Слушная прапанова! Нельга не пагадзіцца! Праўда ваша!;
-
пажаданне: Смачна есці! Смачнага вам! Памагай Бог! Хай Вам шчасціць! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай (гладкай) дарогі! Хай Вам лёс не здрадзіць! На здароўе!;
-
ветлівасць: Дазвольце спытаць (увайсці, сесці, узяць)! Праходзьце, калі ласка! Запрашаем Вас! Прашу Вас! Не турбуйцеся! Не клапаціцеся! Як жыццё? Як працуецца? Як здароўе? Што чуваць? Як маецеся? Што новага?
У нашай краіне, у сітуацыі руска-беларускага двухмоўя, трэба ў аднолькавай ступені валодаць як беларускімі, так і рускімі этыкетнымі маўленчымі нормамі. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што аднолькавыя камунікатыўныя намеры ў рускай і беларускай мовах могуць выражацца па-рознаму. У беларускім і рускім маўленчым этыкеце існуе цэлы шэраг устойлівых формул, якія неабходна запомніць:

Вядома, нельга быць культурным чалавекам толькі на словах. Культура маўленчых паводзін фарміруецца ў комплексе з маральнымі нормамі і этычнымі прынцыпамі грамадства: ветлівасцю, карэктнасцю, далікатнасцю, сціпласцю, абавязковасцю, натуральнасцю, усім тым, што складае змест паняцця культура дзелавых зносін.
Значную частку свайго жыцця чалавек праводзіць на працоўным месцы. Немалаважнымі тут з‘яўляюцца ўзаемаадносіны з начальнікам або падначаленымі, паколькі гэта ўплывае на мікраклімат у калектыве. Уменне весці размову, падтрымліваць гутарку, прымаць рашэнні – гэта неабходныя дзелавыя якасці службовай асобы.
У залежнасці ад абставін працоўнай дзейнасці зносіны дзеляцца на дзелавыя і свецкія.
Дзелавыя або службовыя (афіцыйныя) зносіны – гэта не толькі абмен інфармацыяй, як гэта звычайна адбываецца ў свецкіх зносінах, яны цягнуць за сабой выпрацоўку рашэнняў, заключэнне дамоў, прыняцце абавязкаў, невыкананне якіх можа прывесці да адміністрацыйнай ці юрыдычнай адказнасці.
Свецкія (неафіцыйныя) зносіны звязаны з вольным часам, носяць культурны характар.
Зносіны могуць быць прамымі, якія адбываюцца ў форме гутаркі двух ці больш чалавек, і ўскоснымі, з дапамогай пісьмовай перапіскі або тэхнічных сродкаў. На характар і змест дзелавых зносін уплываюць інтэлект, кампетэнтнасць субяседніка, веданне ім прадмета размовы, здольнасць выходзіць са складаных сітуацый у працэсе гутаркі.
Камунікабельнасць – гэта ўменне падтрымліваць размову (атрымліваць інфармацыю, выдаваць яе, уменне правільна ставіць пытанні).
У дзелавых зносінах значную ролю ў мове адыгрывае арыентацыя на тэхнічны або тэхналагічны бок справы ці на людзей, якія ўдзельнічаюць у вытворчым працэсе. Ад таго, якія з гэтых каштоўнасцей на першым месцы, у многім залежаць узаемаадносіны паміж начальнікам і падначаленымі, а таксама і паміж супрацоўнікамі. Пры накіраванасці на тэхніку і тэхналогію зносіны набываюць дзелавы тон, пры арыентацыі на чалавека ў ім значнае месца займаюць разам з дзелавымі і чалавечыя ўзаемаадносіны. Якасць зносін залежыць ад мовы суб‘ектаў: ясны выклад сваіх думак, правільнасць маўлення, выразная дыкцыя робяць гутарку або выступленне даступнымі, садзейнічаюць пошуку аптымальных рашэнняў. Эмацыянальны бок зносін узмацняюць выразная міміка і стрыманыя жэсты.
Пытанні для самакантролю:
-
Што такое маўленчы этыкет?
-
Якія формулы маўленчага этыкету існуюць у беларускай нацыянальнай традыцыі?
-
Што такое культура дзелавых зносін?
-
Што такое камунікабельнасць?