top of page

Тэма: Камунікатыўныя якасці маўлення

Асноўнымі кампанентамі культуры прафесійнага маўлення, як і культуры маўлення, з’яўляюцца:

2_4.jpg

лагічнасць – прадугледжвае пабудову несупярэчлівага, паслядоўнага выказвання, у якім асобныя часткі лагічна звязаны паміж сабой, аснова лагічнасці – сувязь мыслення і маўлення;

 

дарэчнасць – увасабляе адметны выбар моўных сродкаў у адпаведнасці з мэтай і тэмай выказвання, сітуацыяй, умовамі праяўлення маўленчай дзейнасці і г.д.;

 

выразнасць – асаблівасць маўлення, якая падтрымлівае ўвагу і зацікаўленасць слухача і чытача;

 

чысціня – вызначае мэтазгоднасць увядзення ва ўжытак асобных лексічных адзінак, што маюць абмежаваную (вузкую) сферу семантычнай рэалізацыі (дыялектызмы, жарганізмы, прастамоўныя словы), або адносяцца да слоў, выкарыстанне якіх у беларускай мове непажадана;

 

багацце – выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моўных сродкаў і ў адсутнасці ці вельмі рэдкім паўтарэнні слоў і выразаў;

 

лаканічнасць (сцісласць) – адбор найбольш рацыянальных, зручных для зносін сродкі. За кошт гэтага тэкст скарачаецца, але павялічваецца або застаецца нязменнай яго інфарматыўнасць. Лаканічнасць праяўляецца ў замене словазлучэнняў з устойлівай намінацыяй аднаслоўнымі найменнямі, у выкарыстанні абрэвіяцыі, слоў, што ўзніклі на аснове фразеалагізмаў.

 

Названыя якасці маўлення цесна ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены, выступаюць у арганічным адзінстве.

 

Правільнасць маўлення прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурных нормаў, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж удзельнікамі камунікацыі. Гэта камунікатыўная якасць маўлення лічыцца галоўнай. Пры адсутнасці правільнасці маўлення няма сэнсу гаварыць пра іншыя камунікатыўныя якасці.

 

Найважнейшай прыметай літаратурнай мовы з’яўляецца яе нарматыўнасць.

 

Нарматыўнасць – афіцыйная замацаванасць, традыцыйная агульнапрынятасць моўных нормаў.

 

Моўная норма – гэта агульнапрынятыя, агульнапрызнаныя маўленчай практыкай і заканадаўча замацаваныя, абавязковыя для ўсіх носьбітаў мовы правілы вымаўлення, словаўжывання, словаўтварэння, пабудовы словазлучэнняў і сказаў.

 

Характэрныя асаблівасці нормы сучаснай беларускай мовы:

  • адносная ўстойлівасць;

  • распаўсюджанасць;

  • агульнаўжывальнасць;

  • агульнаабавязковасць;

  • адпаведнасць ужыванню, традыцыі і магчымасцям моўнай сістэмы.

 

Нормы дапамагаюць літаратурнай мове захаваць сваю цэласнасць і агульназразумеласць. Для нормы характэрна стабільнасць, устойлівасць і адначасова дынамічнасць, зменлівасць, варыянтнасць.

 

Варыянтнасць нормы – разнастайнасць, разнатыпнасць моўных нормаў; паралельнае існаванне розных формаў і спосабаў выражэння аднаго і таго ж паняцця.

 

Варыянт – канкрэтная рэалізацыя моўнай адзінкі, яе разнавіднасць. Варыянты могуць быць нарматыўнымі і ненарматыўнымі: кіламетр і кілометр, гліцэрына і гліцэрын.

 

Моўныя варыянты выяўляюцца на розных моўных узроўнях:

  • фанетычным (льдзіна і ільдзіна, ржышча і іржышча, агурок і гурок);

  • лексічным (працэнт і адсотак, выбітны і выдатны);

  • фразеалагічным (лынды біць і бібікі біць);

  • акцэнталагічным (навокал і навакол, заячы і заечы);

  • марфемным (зімовы і зімні, астынуць і астыць);

  • марфалагічным (назва і назоў, прывілея і прывілей);

  • формаўтваральным (форм і формаў, сцяной і сцяною);

  • сінтаксічным (ісці ў грыбы і ісці па грыбы).

 

Варыянты фіксуюцца слоўнікамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы з выкарыстаннем адпаведных памет.

 

Для ўдакладнення моўных нормаў рэкамендуецца карыстацца слоўнікамі і даведнікамі. Любое адхіленне ад нормы павінна быць сітуацыйна і стылістычна апраўдана, павінна адлюстроўваць рэальныя для мовы варыянтныя формы.

 

Дакладнасць маўлення вызначаецца ўменнем дакладна мысліць; заключаецца ў адпаведнасці сэнсавага боку (плана зместу) прадметнай рэчаіснасці, асабліва цесна звязана з лексічнай нормай, што рэгулюе правільнасць выбару слова для пэўнага кантэксту.

 

Маўленне дакладнае тады, калі словы і выразы ўжыты з уласцівым ім значэннем. Недакладна выкарыстанае слова (выраз) выклікае няправільнае ўспрыманне тэксту, прыводзіць да непажаданай двухсэнсавасці, скажае выказванне, дэзынфармуе слухача (чытача): Давайце адчынім падручнікі і выканаем заданне пісьмова; Сістэма адукацыі сёння гуляе вялікую ролю.

 

У выніку парушэння дакладнасці маўлення ўзнікаюць тыповыя маўленчыя памылкі. Найбольш частыя з іх наступныя:

  • ужыванне слоў з неўласцівым ім значэннем: Мы кахаем бацькоў, і нам няма розніцы, колькі ў іх грошай (неадрозненне сінанімічнай дзеяслоўнай пары любіць – кахаць);

  • няправільнае выкарыстанне мнагазначнага слова: Надышла пара квасіць (слова квасіць мнагазначнае: 1. Даводзіць да стану браджэння, скісання. Квасіць малако. 2. Нарыхтоўваць у запас. Квасіць капусту. 3. Апрацоўваць шкуры, футра спецыяльным хлебным растворам. Квасіць аўчыны. 4. Моцна лупіць, біць. Квасіць насы. 5. Піць без меры моцныя алкагольныя напоі. Квасіць гарэлку);

  • неадрозненне амонімаў, паронімаў: выразаць апендыцыт замест выразаць апендыкс; дыялектычны слоўнік замест дыялектны слоўнік; адбіраць жывёлу замест выбіраць жывёлу;

  • кантамінацыя (аб’яднанне, сумяшчэнне дзвюх моўных адзінак у адну): Праблема культуры мае важную ролю ў нашым жыцці (мець ролю, мець значэнне – адыгрываць ролю).

 

Трэба памятаць, што адно і тое ж слова можа выклікаць неаднолькавыя рэакцыі і асацыяцыі ў розных людзей у залежнасці ад іх узросту, інтэлекту, ад узроўню адукацыі, маўленчай культуры.

 

Веданне сінанімічных багаццяў і магчымасцяў мовы, умелы выбар патрэбнага слова – адна з тых лінгвістычных умоў, якія забяспечваюць дакладнасць маўлення. Беларуская мова багатая на сінонімы – словы, блізкія або тоесныя па значэнні, але розныя па напісанні, вымаўленні, эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўцы і стылістычным выкарыстанні, напрыклад: прыгожы, чароўны, цудоўны, сімпатычны, элегантны, раскошны, прыемны, выдатны. Аб тым, што сінонімы – багацце мовы і што яны ніколі не варагуюць, сведчыць наступны прыклад: “...Многа ваўкоў – гэта гайня. А калі вельмі многа – ваўкаўня. А калі многа-многа – ваўкачэча. Далёка – гэта няблізка. Але ёсць яшчэ разуменне вельмі далёка. А калі яшчэ далей за вельмі далёка? Тады на Случчыне скажуць: далезазна – і... адчуеце, што гэта – вельмі-вельмі далёка...”  Уменне выбраць адзінапатрэбнае слова-сінонім у пэўнай маўленчай сітуацыі – паказчык высокай культуры мовы.

 

Дакладнасць маўлення абумоўліваецца таксама ўменнем размяжоўвадь мнагазначнасць слова. Мнагазначнасць (полісемія) (‘многа’, ‘знак’) – наяўнасць у слове некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў, якія развіліся з першапачатковага значэння. У працэсе камунікацыі мнагазначнасць слова патэнцыяльна стварае пэўныя цяжкасці, калі той, хто гаворыць, забывае або проста не ведае ўсе ці некаторыя значэнні моўнай адзінкі, напрыклад: дзе напіцца? (слова напіцца мае не толькі значэнне ‘наталіць смагу’, а і ‘дайсці да стану моцнага алкагольнага ап’янення’). Часам мнагазначнасць слова выступае як экспрэсіўны, вобразны сродак, калі адначасова рэалізуюцца розныя значэнні слова – прамое і пераноснае. У выніку ўзнікаюць каламбурныя выказванні: “Відаць, што галава слабая. А лоб дык вось наадварот...” (К. Крапіва).

 

Дакладнасць і вуснага, і пісьмовага маўлення забяспечваецца веданнем аманіміі і параніміі, уменнем адрозніваць словы-амонімы і словы-паронімы. Амонімы (‘аднолькавы’, ‘імя’) – словы, аднолькавыя па напісанні і вымаўленні, але розныя па значэнні: гасцінец ‘падарунак’ і гасцінец ‘дарога, шлях’; грыф ‘драпежная птушка’ і грыф ‘міфалагічная істота з тулавам ільва і галавой арла’; вытрымка ‘якасць характару’ і вытрымка ‘цытата’. Калі з’ява аманіміі выходзіць за межы адной мовы, то гаворка ідзе пра так званыя міжмоўныя амонімы, напрыклад: бел. спор ‘удача, поепех’ і руск. спор ‘спрэчка’; бел. краска ‘кветка’ і руск. краска ‘фарба’.

 

Паронімы (‘побач’, ‘імя’) – словы, блізкія па гучанні і напісанні, але розныя па значэнні: тыпавы і тыповы, уласны і ўласніцкі, запаветны і запаведны.

 

Прычынай змешвання амонімаў і паронімаў з’яўляецца іх гукавая тоеснасць або падабенства, а таксама блізкасць марфалагічнай структуры. Сэнс такіх слоў павінен выяўляцца выразна і дакладна, інакш узнікае непрадугледжаная двухсэнсавасць выказвання: Гаспадарчым позіркам ён агледзеў сваю машыну; Узяць пад асобы кантроль; Усе нашы захады бескарыслівыя.

 

Лагічнасць маўлення вызначаецца акрэсленасцю думкі, паслядоўнасцю яе выкладу, доказнасцю аргументаў і фактаў, абгрунтаванасцю і бездакорнасцю вывадаў, адпаведнасцю сэнсавай сувязі паміж словамі законам логікі, мыслення.  Лагічнасць маўлення цесна звязана з дакладнасцю маўлення. Факты адсутнасці логікі ў маўленні, а таксама ў паводзінах чалавека знайшлі сваё адлюстраванне ў такіх вядомых прыказках, як Адзін у боб, другі ў гарох; У гародзе рэдзька, а ў Кіеве дзядзька; Адзін пра Фаму, другі пра Ярому. Але лагічнасць маўлення можа парушацца і пры дакладным на першы погляд выкарыстанні слоў і выразаў: Ападкаў сёння не чакаецца, акрамя дробнага дажджу; Хочацца звярнуцца да бацькоў, у якіх ёсць дзеці.

 

Найбольш істотныя памылкі, якія прыводзяць да парушэння лагічнасці маўлення, наступныя:

  • парушаны парадак слоў у сказе: 3 дапамогай прадпрыемства моладзь будуе аднатыпныя домікі з верандамі на чатыры пакоі;

  • адсутнасць правільнай сувязі займенніка з назоўнікам у складаным сказе: Гэтыя здымкі ўнікальныя, бо ў дзень тэракту толькі яны мелі права паднімацца ў паветра ў непасрэднай блізкасці ад веж-двайнят Сусветнага гандлёвага цэнтра;

  • няправільнае ўжыванне дзеепрыслоўнага звароту: Гледзячы на настрай, які панаваў у салоне аўтобуса, гэты “Зорны паход” не мог не атрымацца;

  • наяўнасць несупастаўляльных, несуадносных паміж сабой паняццяў: Васіль Дзятлік быў кулаком. У яго былі розныя вочы;

  • замена паняццяў: Вайна... Гэта страшнае слова нясе неадольныя наступствы;

  • збыткоўнасць інфармацыі ў выглядзе так званых плеаназмаў (шматслоўных выказванняў з сэнсава лішнімі словамі) і таўталогіі (паўторных абазначэнняў ужо названага паняцця): Пазнаёмцеся, калі ласка, гэта мой калега па рабоце; Падзеі, вартыя гісторыі, прыблізіліся вельмі блізка; Давайце разам супрацоўнічаць;

  • адсутнасць лагічнасці і граматычнай сувязі паміж сказамі: Зразумела, далёка яшчэ не ўсё зроблена. Можна сказаць, мы прайшліся па вярхах толькі. Увогуле будзем і далей працаваць у гэтым кірунку.

 

Ад алагізмаў тыпу карэнны абарыген, прэйскурант цэн, перспектыва на будучае, у месяцы верасні, ёсць свабодная вакансія неабходна адрозніваць некаторыя ўстойлівыя выразы і канструкцыі, што пабудаваны на свядомым парушэнні лагічных сувязей: белая варона, жывы труп, жабрацкая раскоша, змяіная ласка або крычма крычаць, масла масленае. На аснове скарыстання лагічна разнародных членаў сказа могуць стварацца каламбуры, іранічныя выказванні, якія ажыўляюць маўленне; Сюды са спазненнем прыходзяць аўтобусы і анекдоты.

 

Дарэчнасць маўлення звязана з паняццем камунікатыўнай мэтазгоднасці, калі адбор моўных сродкаў вызначаецца маўленчай сітуацыяй: стылем, часам, месцам, мэтамі і ўмовамі камунікатыўных зносін і інфармацыі. Сапраўднае веданне мовы якраз і заключаецца ва ўменні сказаць так, як гэта прынята ў пэўных умовах, для пэўнага слухача, з улікам яго ўзросту, кваліфікацыі.

 

Дарэчнасць маўлення цесна звязана з паняццем функцыянальных стыляў. Усе яны характарызуюцца мэтаскіраваным адборам маўленчых сродкаў. Адзінства стылю – адна з галоўных умоў дарэчнасці даўлення.

 

Для таго, каб маўленне было дарэчным, неабходна пазбягаць найбольш распаўсюджаных памылак:

  • нематываванага ўжывання рознастылёвай лексікі, у тым ліку жаргоннай і дыялектнай: Я працавала ў школе амаль цэлы год і вельмі прывыкла да маіх вучняў, да гэтых хітрых мардашак;

  • недарэчнай вобразнасці, празмернай эмацыянальнасці, пафаснасці: На тарфяных балотах прадаўжаецца збор ягадных падарункаў;

  • ужывання слоў і выразаў, не суадносных з адпаведнай ім эпохай: Капернік, калі яго спальвалі, крычаў: “Усё роўна яна круціцца!”

 

Празмерную эмацыянальнасць, неапраўданае нанізванне вобразных слоў, так званую “квяцістасць” неабходна разглядаць як стылістычны недахоп, выдатак выказвання.

 

Чысціня маўлення прадугледжвае адсутнасць у маўленні нехарактэрных літаратурнай мове слоў і выразаў, вызначае мэтазгоднасць або немэтазгоднасць іх увядзення ў сферу камунікацыі.

 

Крыніцамі засмечвання маўлення з’яўляюцца:

  • словы-паразіты (лішнія словы): так сказаць, літаральна, ну, вось, э-э-э, як бы, тыпу, гэта самае, фактычна, карацей, разумееце, значыцца;

  • жарганізмы: пенсія (стыпендыя), студак (студэнцкі білет), універ (універсітэт), твікс (двойка), шнобель (нос), тачка (аўтамабіль);

  • дыялектызмы: гавора замест гаворыць, ідзець замест ідзе, я роблю замест я раблю, расказуваў замест расказваў, сістра замест сястра;

  • іншамоўныя тэрміны: Разгледзім спалучэнні, у якіх эксплікант называе прыметы, што кваліфікуюцца ў адносінах да інтэнсіянала эксплікандума як прыметы няжорсткай і слабаверагоднай імплікацыі...;

  • запазычаныя словы (русізмы, паланізмы): Як абстаяць справы ў маладых? Пры выглядзе гэтай карціны я ўпаў у смутак;

  • вульгарызмы, прастамоўе, лаянкавая лексіка: хахаль, галадранец, жратва, забулдыга;

  • канцылярызмы і маўленчыя штампы: Шмат гадоў не меў справы з тэхнікай; Наладзіць кантроль з боку адміністрацыі;

  • штучныя словы (наватворы): бязбаб’е (адсутнасць грошай), танкісты (студэнты БДПУ імя Максіма Танка), рыфмуліста, ганарарыста.

 

Канцылярызмы – словы і выразы, пазычаныя з афіцыйна-справавога (канцылярскага) стылю, справаводства, юрыспрудэнцыі; механічна паўтараючыся, часта парушаюць стылістычныя нормы: Апошнім часам адзначаецца ўзмацненне выхаваўчай работы; Многія з іх трымаюць намер паступіць у школу.

Маўленчыя штампы (‘пячатка, друк’) – моўныя звароты і выразы, якія шматразова паўтараюцца ў маўленні і становяцца шаблоннымі, трафарэтнымі, “заштампаванымі”; падняць пытанне, распачаць мерапрыемства, пачаць работы па азеляненні.

 

Канцылярызмы і маўленчыя штампы робяць маўленне бязвобразным, сухім, невыразным і, як правіла, маскіруюць банальныя думкі.

 

Запазычанні (іншамоўныя словы) – словы (выразы), якія ўвайшлі ў склад беларускай мовы з іншых моў. Злоўжыванне запазычанымі словамі, асабліва навуковымі іншамоўнымі тэрмінамі прыводзіць да ўскладнення ўспрыняцця інфармацыі, да зацямнення сэнсу, непаразумення і нават да камічнах сітуацый: “Ух ты! А ён – эрудзіт!” – “Зараз разбяромся, хто ерундзіт” (А. Макаёнак).

 

Словы-паразіты – лішнія словы або словазлучэнні, якія ўводзяцца ў выказванне, але не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі і ў выніку абцяжарваюць маўленне. Словы-паразіты – паказчык неахайных адносін да культуры маўлення, яны “паралізуюць” мову таго, хто гаворыць, і раздражняюць таго, хто слухае. Акрамя таго, словы-паразіты могуць “прыліпаць” да сваіх гаспадароў і станавіцца мянушкамі: Нібыта, Так сказаць, Значыцца, Чуеш...

 

Жарганізмы (‘умоўная гаворка’) — лексіка асобных сацыяльных, узроставых і прафесіянальных груп насельніцтва; жаргонныя словы, якія выкарыстоўваюцца за межамі жаргону:

Ну-ка, давай усё спачатку.

– Ну, давайце. I што вы не зразумелі?! Значыцца, адзін фіціль...

– Без свечкі?

– Без.

– А што ж гэта за фіціль?

– Ну, хлопец адзін, доўгі, падкаціў да шкета...

– Ён на чым падкаціў, на веласіпедзе?

– Ды не, веласіпед у шкета быў.

– У якога шкета?

–Ну, ...вы яго ведаеце, ходзіць тут з такім шнобелем .

– 3 кім, з кім?

– Ды не з кім, а з чым. Нос у яго, як шнобель… (сатырычны кіначасопіс “Гармідар”).

 

Неабходна памятаць, што паміж моўнай беднасцю і чысцінёй маўлення існуе прамая сувязь, што адсутнасць думкі часта прыкрываецца фармальна правільна арганізаваным, але беззмястоўным актыўным наборам слоў і выразаў, што неахайныя адносіны да маўленчай культуры прыводзяць да “паралізацыі” і “калецтва” маўлення.

 

Багацце (разнастайнасць) маўлення прадугледжвае значны слоўнікавы запас, вызначаецца ўмелым выкарыстаннем у маўленні разнастайных лексічных, фразеалагічных, а таксама граматычных моўных сродкаў у розных сферах зносін.

 

Багаты актыўны запас моўных сродкаў і сукупнасць навыкаў іх прымянення – асноўная ўмова забеспячэння багацця (разнастайнасці) маўлення. Пра абмежаваныя маўленчыя магчымасці чалавека, пра беднасць яго слоўніка сведчаць часты паўтор адных і тых самых слоў (выразаў) і іх нематываванае выкарыстанне. Для таго каб не апынуцца ў ліку так званых “абмежаваных”, неабходна паляпшаць, павышаць сваю культуру маўлення. Самы просты і даступны сродак – гэта чытанне і перачытванне лепшых аўтараў, лепшых мастакоў слова. Яшчэ Гётэ зазначаў: “Скажы мне, што ты чытаеш, і я скажу, хто ты”.

 

Лічыцца, што актыўны слоўнікавы запас сучаснага адукаванага чалавека павінен дасягаць 10-13 тысяч розных слоў і выразаў. У штодзённым жыцці большасць людзей карыстаецца прыкладна 2-3 тысячамі слоў.

 

Будучыя педагогі павінны ўзбагачаць свой слоўнікавы запас. Дзейснасць прафесійна арыентаванага маўлення ўзмацняе выкарыстанне сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, фразеалагізмаў, афарызмаў, мнагазначных слоў, разнастайных словаўтваральных рэсурсаў і сінтаксічных канструкцый. Яны выступаюць важнымі кампанентамі маўленчай дзейнасці і служаць выразнікамі дадатковага сэнсу, экспрэсіўных ацэнак, яркіх, вобразных характарыстык, спосабамі эмацыянальнага ўздзеяння на іншых людзей: глядзець як вока, у паднябессі лунаць, усёй грамадою, залаты фонд, альфа і амега, абое рабое, на жывым мядзведзі скуру купляць, няма байкі без праўды, дасканалы розум, варункі лёсу, настаўляць акуляры, як свет зачаўся, пакуль свет стаіць, духоўны пажытак, свой розум мець, выбар зроблены, дум не скуеш ланцугамі, нашто каласы, калі няма васількоў?, абазнанасць (дасведчанасць, азнаёмленасць), абранец (абраннік), адсотак (працэнт), амбасада (пасольства), антырынкавы (антырыначны), бізнесовец, бізнесоўца (бізнесмен), выбітны (выдатны, выключны), вызвольны (вызваленчы), выкіды (адходы), ганараваны (ушанаваны, узнагароджаны), гледзішча (пункт погляду, гледжання), заўважны (прыметны, значны), звяздар (астролаг).

 

Выразнасць маўлення вызначаецца наяўнасцю ў маўленні такіх моўных сродкаў, што ўздзейнічаюць на розум і эмацыянальны стан чалавека, выклікаюць і прыцягваюць увагу слухача.

 

Асноўнымі сродкамі выразнасці маўлення выступаюць:

  • тропы (метафары, эпітэты, метаніміі, сінекдахі, параўнанні, перыфразы і інш.): газетная шапка; салодкі голас; цёплая сустрэча; карычневая чума (фашызм); другі хлеб (бульба); перачытваць Караткевіча; Мінск сустракаў гасцей; золата (медалі) заваявалі беларускія спартсмены; вораг адступае замест ворагі адступаюць; прывітанне моладзі замест... маладому чалавеку;

  • афарызмы, прыказкі, прымаўкі, фраземы, эўфемізмы (ветлівыя, больш далікатныя выразы): ад навукі галава не баліць, “людзьмі звацца” (Янка Купала), цягнуць лямку, рукі апусціць, з ног збіцца, атрымаць перамогу, браць удзел, акінуць поглядам, ухіляцца ад ісціны, недалёкі чалавек;

  • формы з суфіксамі эмацыянальна-суб’ектыўнай ацэнкі (станоўчай або адмоўнай): вялізны, велізарны, высачэзны, даўжэразны, здаравенны, маленькі, навюткі, галасішча, раненька, халадэча, даміна;

  • рытарычныя пытанні і воклічы, звароткі, паўторы: Ідзе на свеце ёсць такая, як Нёман, рэчачка другая? (Якуб Колас); 0, гэтая скрыпка! Што яна рабіла з людзьмі? (У. Дамашэвіч); О Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю (П. Панчанка); Роднае слова! Змалых дзён чуем мы цябе з матчыных вуснаў (Цётка); Аўтар вылўчае падмурак, на якім трымаўся спрадвеку і павінен трымацца сёння чалавек (Полымя);

  • інверсія (адваротны парадак слоў);

  • парцэляцыя (выдзяленне асобных членаў сказа): Бунтуе воды акіян грымотны... (М. Сяднёў); А пшаніца, якая пшаніца навокал! Густая, чыстая, высокая (Я. Брыль);

  • гумар (жарт, каламбур, анекдот): Калі ўжыў хвалебны выраз – у вачах начальства вырас (I. Курбека); У адным сумленнасць: кожны дзень сум, ленасць... (I. Курбека); Размаўляюць дзве бландзінкі:

    • Ты ўсяго Пушкіна прачытала?

    • Не-а...

    • А я – усяго: “Аляксандр Сяргеевіч Пушкін!”;

  • інтанацыя, паўзы, гукавыя эфекты: У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, – Блонь, Струнь, Звонь! (П. Броўка); Хто ўладарыць, той і ўдарыць... (П. Панчанка);

  • выразнае вымаўленне, акцэнталогія: Шэкспір! Сумленне часу, мудрасць веку! (Ю. Гаўрук).

 

Трапнае ўжыванне названых сродкаў ажыўляе маўленне, ліквідуе сухасць выказвання, яго аднастайнасць, невыразнасць. Слоўная нагляднасць стварае адпаведныя карціны і вобразы, што заўсёды дапамагае дасягнуць выразнасці, вобразнасці маўлення, робіць яго больш жывым, даходлівым. Але неабходна памятаць, што залішняе “расквечванне” думкі, яе “квяцістасць” псуе маўленне, як псуе яго і празмерная заштампаванасць.

 

Лаканічнасць (сцісласць) маўлення прадугледжвае адбор найбольш рацыянальных, зручных для зносін моўных сродкаў. Гэта якасць маўлення непаерэдна звязана з законам эканоміі моўных сродкаў. Лаканізм – манера гаварыць, як у Лаконіі, гэта значыць коратка, сцісла і лагічна. Менавіта сцісласцю маўлення, паводле паданняў, славіліся спартанцы, жыхары Старажытнай Лаконіі. Яны былі прыхільнікамі лаканічнасці і ворагамі шматслоўя.

 

Шмат гаварыць яшчэ не значыць шмат сказаць. Невыпадкова А. П. Чэхаў сцвярджаў: “Сцісласць – сястра таленту”.  Сцісласць робіць маўленне больш зразумелым і прыемным. Дасягнуць гэтага можна ўменнем:

  • вылучаць галоўнае, канцэнтравацца на ім;

  • выключаць усё другаснае, не звязанае з тэмай прамовы, пазбягаць збыткоўных падрабязнасцяў;

  • не пераскокваць з аднаго на другое;

  • не перагружаць маўленне складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі са шматлікімі складанымі сказамі;

  • прытрымлівацца рэгламенту выступлення.

 

Класічным узорам лаканізмаў з’яўляюцца афарызмы, прыказкі і прымаўкі: Не той хлеб, што на полі, а той, што ў гумне;  Не знаем цану вадзіцы, пакуль не высахла крыніца; Гуслям, княжа, не пішуць законаў (Янка Купала).

 

Трэба памятаць, што лаканізм маўлення прымушае думаць.

Пытанні для самакантролю:

  1. Якія існуюць камунікатыўныя якасці маўлення?

  2. Што такое правільнасць маўлення?

  3. Чым адрозніваюцца варыянтнасць нормы і моўны варыянт?

  4. Што такое дакладнасць маўлення?

  5. Што такое лагічнасць маўлення?

  6. Якія памылкі прыводзяць да парушэння лагічнасці маўлення?

  7. Што такое дарэчнасць маўлення?

  8. Якіх памылак неабходна пазбягаць, каб не парушаць  дарэчнасць маўлення?

  9. Што такое чысціня маўлення?

  10. У чым шкоднасць канцылярызмаў, маўленчых штампаў, слоў-паразітаў, жарганізмаў?

  11. Што такое багацце маўлення?

  12. Якім павінен быць слоўнікавы запас сучаснага адукаванага чалавека?

  13. Што такое выразнасць маўлення?

  14. Што такое лаканічнасць маўлення?

bottom of page